MAP

Святы Айцец: няхай Касцёл будзе для ўсіх школай пакоры

Молімся, каб Касцёл быў для ўсіх школай пакоры, домам, у якім заўсёды прымаюць, дзе не трэба змагацца за месца, - заклікаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая адбылася 31 жніўня 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец пракаментаваў нядзельны евангельскі ўрывак, у якім распавядаецца, як Езус, запрошаны на абед адным з кіраўнікоў фарысеяў, заўважыў, што госці імкнуліся заняць найлепшыя месцы (Лк 14,1.7-14).

“Так здараецца і сёння – не ў сям’і, а ў сітуацыях, дзе важна “рабіць уражанне”; тады прабыванне разам ператвараецца ў спаборніцтва”, - адзначыў Леў XIV.

“Сёстры і браты, калі мы сядаем разам да эўхарыстычнага стала ў дзень Пана, гэта азначае таксама і для нас даць слова Езусу. Ён ахвотна становіцца нашым Госцем і можа апісаць нам, як Ён нас бачыць. Вельмі важна бачыць сябе Яго позіркам: паразважаць, як часта мы зводзім жыццё да спаборніцтва, як губляем раўнавагу, каб атрымаць нейкае прызнанне, як бессэнсоўна параўноўваем сябе з іншымі”, - сцвердзіў Папа, заклікаючы “спыніцца і паразважаць, дазволіць узрушыць сябе Божаму слову, якое ставіць пад пытанне прыярытэты, што займаюць нашае сэрца”.

“Езус кліча нас да свабоды”, - падкрэсліў Пантыфік. Ён нагадаў, што, апісваючы найбольш поўную форму свабоды, Езус гаворыць пра пакору, якая з’яўляецца свабодай ад самога сябе. “Яна ўзнікае тады, калі Валадарства Божае і Яго справядлівасць сапраўды становяцца нашым галоўным клопатам, і мы можам дазволіць сабе глядзець далей: не на свае ногі, а далей!”, - дадаў Святы Айцец.

“Хто ўзвышае сябе, звычайна выглядае так, быццам не знайшоў нічога цікавейшага за самога сябе, а ў глыбіні душы - вельмі няўпэўнены ў сабе. Але той, хто зразумеў, што ён бясцэнны ў вачах Бога, хто глыбока адчувае сябе сынам ці дачкой Бога, мае значна большыя падставы для ўзвышэння і годнасць, якая ззяе сама па сабе”, - сказаў Леў XIV.

“Дарагія, будзем жа сёння прасіць, каб Касцёл быў для ўсіх школай пакоры, тым домам, дзе заўсёды прымаюць, дзе за месца не трэба змагацца, дзе Езус можа зноў браць слова і вучыць нас сваёй пакоры, сваёй свабодзе. Марыя, да якой мы цяпер памолімся, сапраўды з’яўляецца Маці гэтага дому”, - сказаў у завяршэнне свайго разважання Папа.
 

31 жніўня 2025, 12:28

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >