MAP

Святы Айцец: Марыя – ікона надзеі для сваіх дзяцей

Калі шлях становіцца няпэўным і цяжкім – узнімем вочы, паглядзім на Марыю і зноў знойдзем надзею, якая не падвядзе, - заклікаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якую правёў 15 жніўня 2025 года ў Кастэль-Гандольфа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Айцы Другога Ватыканскага Сабору пакінулі нам цудоўны тэкст пра Панну Марыю, які мне прыемна перачытаць разам з вамі сёння, калі святкуем урачыстасць Яе Унебаўзяцця ў хвалу неба. Напрыканцы дакумента пра Касцёл Сабор кажа так: “Маці Езуса, якая ўжо праслаўлена целам і душой у небе, будучы вобразам і пачаткам Касцёла, які павінен дасягнуць паўнаты ў будучым веку, тут, на зямлі, пакуль не настане дзень Пана (пар. 2 П 3, 10), свеціць пілігрымуючаму Божаму народу як знак пэўнай надзеі і суцяшэння”, - сказаў Леў XIV, цытуючы дагматычную канстытуцыю пра Касцёл “Lumen gentium”.

Пантыфік заўважыў, што Марыя, якую ўваскрослы Хрыстус узяў да сваёй хвалы, ззяе як абраз надзеі для сваіх дзяцей, што вандруюць праз гісторыю. “Як тут не ўспомніць вершы Дантэ ў апошняй песні Раю? У малітве, укладзенай у вусны святога Бэрнарда і пачатай словамі: “Панна Маці, дачка свайго Сына” (XXXIII, 1), паэт праслаўляе Марыю, бо тут, сярод нас, смяротных, яна з’яўляецца “жывой крыніцай надзеі”, гэта значыць жывой, струменістай крыніцай надзеі”, - сцвердзіў ён.

“Сёстры і браты, гэта праўда нашай веры цалкам адпавядае тэме Юбілею, які мы перажываем: “Пілігрымы надзеі”. Пілігрыму патрэбная мэта, што дае напрамак яго падарожжу: мэта прыгожая, прывабная, якая вядзе яго крокі і падбадзёрвае, калі ён стомлены, якая заўсёды аднаўляе ў яго сэрцы жаданне і надзею. У жыццёвым падарожжы гэтай мэтай з’яўляецца Бог – Бясконцая і вечная Любоў, паўната жыцця, супакою, радасці і ўсякага дабра. Чалавечае сэрца прыцягваецца гэтай прыгажосцю і не бывае шчаслівым, пакуль яе не знойдзе; і сапраўды, рызыкуе не знайсці яе, калі згубіцца ў “цемным лесе” зла і граху”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што на гэтым шляху падтрымлівае ўсведамленне таго, што Бог выйшаў нам насустрач, прыняў наша зямное цела і ўзяў яго з сабой – сімвалічна кажам, “на Неба”.

“Гэта таямніца Езуса Хрыста, які ўцелавіўся, памёр і ўваскрос дзеля нашага збаўлення; і неадлучна ад Яго – таксама таямніца Марыі, Жанчыны, ад якой Божы Сын прыняў цела, і Касцёла, містычнага цела Хрыста. Гэта адзіная таямніца любові, а значыць – і свабоды. Як Езус сказаў “так”, так і Марыя сказала “так”, паверыла слову Пана. І ўсё яе жыццё было пілігрымкай надзеі разам з Божым і сваім Сынам, пілігрымкай, якая праз Крыж і Уваскрасенне прывяла яе дадому, у абдымкі Бога”, - сказаў Папа.

“Таму, пакуль мы ў дарозе – як паасобныя людзі, як сям’я, як супольнасць, асабліва калі прыходзяць хмары і шлях становіцца няпэўным і цяжкім – узнімем вочы, паглядзім на Яе, нашу Маці, і зноў знойдзем надзею, якая не падвядзе (пар. Рым 5,5)”, - заклікаў Святы Айцец.
 

15 жніўня 2025, 12:07

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >