Пантыфік: даверым нашу малітву за мір заступніцтву Багародзіцы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сёння хочам даручыць заступніцтву Панны Марыі, Унебаўзятай, нашу малітву за мір. Яна, як Маці, пакутуе ад няшчасцяў, якія спасцігаюць Яе дзяцей, асабліва малых і слабых. Яна неаднаразова пацвярджала гэта на працягу стагоддзяў у сваіх пасланнях і аб’яўленнях”, - сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што, абвяшчаючы догмат аб Унебаўзяцці, калі яшчэ была балючай трагічная памяць пра Другую сусветную вайну, Пій XII пісаў: “Трэба спадзявацца, што ўсе, хто будзе разважаць над слаўнымі прыкладамі Марыі, будуць усё больш і больш пераконвацца ў каштоўнасці чалавечага жыцця”, і выказваў пажаданне, каб ніколі больш не было “знішчэння чалавечага жыцця шляхам распальвання войнаў”.
“Якія ж актуальныя гэтыя словы! І сёння, на жаль, мы часта адчуваем сябе бездапаможнымі перад распаўсюджаннем у свеце гвалту, усё больш глухога і абыякавага да ўсялякага парыву чалавечнасці. Але мы не павінны пераставаць спадзявацца: Бог большы за чалавечы грэх. Мы не павінны пагаджацца з перавагай логікі канфлікту і зброі. Разам з Марыяй верым, што Пан працягвае прыходзіць на дапамогу сваім дзецям, памятаючы пра сваю міласэрнасць. Толькі ў ёй магчыма зноў адшукаць шлях да міру”, - падкрэсліў Святы Айцец.