MAP

Анёл Панскі: вера патрабуе ўвасаблення ў справах любові

Падчас cустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі" 24 жніўня Леў XIV разважаў над Евангеллем дня, падкрэсліваючы, што сапраўдная вера патрабуе не толькі рэлігійных актаў, але і пераўтварэння сэрца.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім разважанні перад малітвай "Анёл Панскі" Папа спыніўся на вобразе "вузкіх дзвярэй", які Езус выкарыстоўвае ў Евангеллі святога Лукі (13, 22-30). Пантыфік адзначыў, што гэты вобраз можа выклікаць у нас пытанне: калі Бог ёсць Айцом любові і міласэрнасці, Які заўсёды чакае нас з распасцёртымі рукамі, чаму Езус кажа, што дзверы збаўлення вузкія?

Недастаткова толькі рэлігійных абрадаў, калі яны не пераўтвараюць сэрца

"Безумоўна, Пан не хоча нас расчараваць. Яго словы, хутчэй, служаць для таго, каб падарваць самаўпэўненасць тых, хто думае, што ўжо збаўлены", - растлумачыў Папа. Ён падкрэсліў, што Пан не хоча культу, аддзеленага ад жыцця, і не прымае ахвяр і малітваў, калі яны не вядуць нас да любові да братоў і ажыццяўлення справядлівасці.

Святы Айцец адзначыў, што Евангелле сённяшняга дня змяшчае выразны заклік: "Пакуль часам мы асуджаем тых, хто далёкі ад веры, Езус ставіць пад пытанне 'упэўненасць вернікаў'".

Сапраўдная вера ахоплівае ўсё наша жыццё і становіцца крытэрыем нашых выбараў

Леў XIV падкрэсліў, што недастаткова вызнаваць веру словамі, удзельнічаць у Эўхарыстыі ці добра ведаць хрысціянскае вучэнне. "Наша вера сапраўдная, калі яна ахоплівае ўсё наша жыццё, калі становіцца крытэрыем нашых выбараў, калі робіць нас людзьмі, якія імкнуцца да дабра і рызыкуюць у любові, менавіта як гэта рабіў Езус", - сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што Езус з'яўляецца мерай нашай веры і дзвярыма, праз якія мы павінны прайсці, каб быць збаўленымі (Ян 10,9), жывучы Яго любоўю і становячыся сваім жыццём творцамі справядлівасці і міру.

"Часам гэта азначае рабіць цяжкі і непапулярны выбар, змагацца з уласным эгаізмам і без рэшты прысвячаць сябе іншым, трываць у дабры там, дзе, здаецца, пераважае логікі зла", - заўважыў Папа. Аднак, пераступіўшы гэты парог, мы адкрыем, што жыццё адкрываецца перад намі па-новаму, і мы ўвойдзем у шырокае сэрца Бога і ў радасць вечнага свята, якое Ён падрыхтаваў для нас.

На заканчэнне Святы Айцец заклікаў Найсвяцейшую Панну Марыю дапамагчы вернікам мужна прайсці праз "вузкія дзверы" Евангелля і з радасцю адкрыцца шырыні любові Бога Айца.
 

24 жніўня 2025, 12:05

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >