MAP

Фасад каталіцкага храма ў Газе Фасад каталіцкага храма ў Газе  (AFP or licensors)

Леў XIV: праблемы нельга вырашыць вайной

Леў XIV заклікае да спынення агню ва Украіне і гуманітарнага крызісу ў Газе, падкрэсліваючы, што праблемы нельга вырашыць вайной, а толькі дыялогам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфік звярнуўся да журналістаў па прыбыцці ў Кастэль Гандольфа, дзе ён будзе адпачываць да 19 жніўня 2025 года. У сваім звароце ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці міру ва Украіне і вызваленні ізраільскіх заложнікаў з Газы.

Патрэбны дыялог і дыпламатычная праца, а не гвалт і зброя

Адказваючы на пытанне пра чаканні ад сустрэчы паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, Папа падкрэсліў: "Трэба імкнуцца да спынення агню, трэба спыніць насілле і столькі смерцяў. Паглядзім, як яны змогуць дамовіцца. Бо якая мэта вайны пасля столькіх гадоў? Трэба заўсёды шукаць дыялог і дыпламатычныя рашэнні, а не гвалт, не зброю".

Калі яго спыталі пра магчымую дэпартацыю насельніцтва Газы, Пантыфік выказаў глыбокую занепакоенасць: "Перш за ўсё трэба вырашыць гуманітарны крызіс, нельга працягваць так. Мы ведаем пра насілле, якое зыходзіць ад тэрарызму, і паважаем памяць пра шматлікіх загінулых, а таксама пра заложнікаў, якія павінны быць вызваленыя. Але таксама трэба думаць пра тых шматлікіх людзей, якія паміраюць ад голаду".

Святы Пасад працуе праз "мяккую дыпламатыю", заўсёды заахвочваючы да дыялогу

На пытанне пра дзейнасць Святога Пасада ў спыненні гэтых і іншых канфліктаў, Пантыфік адзначыў: "Святы Пасад не можа іх спыніць... але мы працуем праз тое, што можна назваць "мяккай дыпламатыяй", заўсёды запрашаючы, падштурхоўваючы да пошуку ненасілля праз дыялог і шукаючы рашэнні, бо гэтыя праблемы нельга вырашыць вайной".

15 жніўня 2025 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Леў XIV адправіць Імшу ў парафіі святога Тамаша з Вілановы ў Кастэль Гандольфа, а ў поўдзень правядзе малітву "Анёл Панскі" ля ўваходу ў Папскі палац на плошчы Свабоды.

17 жніўня ён узначаліць Эўхарыстыю ў санктуарыі Святой Марыі Ратонда ў Альбана з прысутнасцю бедных, якім дапамагае дыяцэзіяльная "Caritas", а пасля падзеліць з імі абед у мястэчку “Laudato si”, што знаходзіцца на тэрыторыі Папскіх віл.

Падчас ранішняй агульнай аўдыенцыі 14 жніўня 2025 года, вітаючы пілігрымаў, Папа заклікаў: "Маліце Бога, каб Ён даў мір усім народам, якія перажываюць трагедыю вайны".
 

14 жніўня 2025, 10:57