Леў XIV: ядзерная зброя зневажае нашу агульную чалавечнасць
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Ліст Святога Айца быў зачытаны падчас Імшы ў памяць за ахвяр і за мір, якая прайшла 6 жніўня 2025 года ў Хірасіме. Пантыфік выказаў сваю асаблівую павагу і прыхільнасць тым, хто выжыў пасля ядзерных выбухаў, падкрэсліўшы, што гісторыі страт і цярпенняў гэтых людзей “з’яўляюцца своечасовым заклікам для ўсіх нас будаваць больш бяспечны свет і спрыяць культуры міру”.
“Хоць з таго часу прайшло шмат гадоў, гэтыя два гарады і сёння застаюцца жывым напамінам пра жахі, прынесеныя ядзернай зброяй. Іх вуліцы, школы і дамы ўсё яшчэ носяць на сабе раны – бачныя і духоўныя – таго фатальнага жніўня 1945 года. У гэтым кантэксце я спяшаюся паўтарыць словы, якія часта казаў мой улюбёны папярэднік, Папа Францішак: “Вайна – гэта заўсёды параза чалавецтва”.
Леў XIV працытаваў словы сведкі трагедыі ў Нагасакі, доктара Такашы Нагаі: “Чалавек любові – гэта мужны чалавек, які не бярэ ў рукі зброю”. “Насамрэч, сапраўдны мір патрабуе адважнага складання зброі – асабліва той, якая здольная выклікаць невымоўную катастрофу. Ядзерная зброя зневажае нашу агульную чалавечнасць і здраджвае годнасці стварэння, гармонію якога мы пакліканы ахоўваць”, - адзначыў Пантыфік.
Папа назваў Хірасіму і Нагасакі “сімваламі памяці”, якія заклікаюць нас адкінуць ілюзію бяспекі, заснаванай на ўзаемна гарантаваным знішчэнні. “Замест гэтага мы павінны будаваць сусветную этыку, укаранёную на справядлівасці, братэрстве і агульным дабры”, - дадаў ён.
У завяршэнні паслання Святы Айцец выказаў надзею, што гадавіна атамных бамбардзіровак японскіх гарадоў “стане заклікам да міжнароднай супольнасці аднавіць сваю адданасць пошуку трывалага міру для ўсёй чалавечай сям’і – міру бяззбройнага і раззбройваючага”.