MAP

Лагер для бежанцаў з Каба-Дэлгада ў Мазамбіку Лагер для бежанцаў з Каба-Дэлгада ў Мазамбіку  (AFP or licensors)

Заклік Папы: не забывайце пра Мазамбік і маліцеся за Украіну

Пасля малітвы "Анёл Панскі" 24 жніўня 2025 года Леў XIV выказаў салідарнасць з насельніцтвам Мазамбіка, заклікаў маліцца за Украіну і прывітаў пілігрымаў з розных краін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа звярнуў увагу на цяжкую сітуацыю ў правінцыі Каба-Дэлгада ў Мазамбіку, дзе працягваецца насілле, якое выклікае ахвяры і перамяшчэнне насельніцтва.

Не забывайцеся пра гэтых нашых братоў і сясцёр

"Выказваю сваю блізкасць да насельніцтва Каба-Дэлгада ў Мазамбіку, ахвяр небяспечнай сітуацыі і насілля, якія прыводзяць да чалавечых ахвяр і перамяшчэння людзей. Заклікаю не забываць пра гэтых нашых братоў і сясцёр, запрашаю маліцца за іх і выказваю надзею, што намаганні адказных асоб краіны здолеюць аднавіць бяспеку і мір на гэтай тэрыторыі", - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік таксама нагадаў, што ў мінулую пятніцу, 22 жніўня 2025 года, вернікі суправаджалі малітвай і постам братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад войнаў.

Далучаемся да нашых украінскіх братоў у сусветнай малітве за Украіну

"Сёння мы далучаемся да нашых украінскіх братоў, якія праз духоўную ініцыятыву, сусветную малітву за Украіну, просяць, каб Пан даў мір іх змучанай краіне", - падкрэсліў Папа.

У заключнай частцы свайго выступлення Леў XIV прывітаў вернікаў Рыма і пілігрымаў з розных краін, у прыватнасці з Караганды ў Казахстане, Будапешта і супольнасць Папскага Паўночна-Амерыканскага калегіума.

Ён таксама павітаў музычны аркестр з Гацана і парафіяльныя групы з Беладжа, Відзігульфа, Карбоніі, Корла і Валькаваліны, а таксама вернікаў, якія прыбылі на веласіпедах з Равата і Манербіа. “Усім вам жадаю добрай нядзелі", - завяршыў Папа.
 

24 жніўня 2025, 12:20