Леў XIV: свету патрэбныя аазісы спакою і Божай любові
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа прымеркаваў свой ліст да 600-годдзя з таго дня, калі, 15 жніўня 1425 года, святая Францішка Рымская разам з першымі дзевяццю паплечніцамі прысвяціла сябе Богу ў пакорным і самаадданым служэнні тым, хто цярпеў ад матэрыяльнай і духоўнай беднасці свайго часу.
“На працягу гэтых шасці стагоддзяў ваша старажытная манаская сям’я, натхнёная Рэгулай вялікага айца заходняга манаства святога Бэнэдыкта, была школай дзейснай любові, крыніцай духоўнасці і ідэалам поўнай аддачы сябе Хрысту і Касцёлу”, - падкрэсліў ён.
“Святая Францішка Рымская і надалей застаецца маяком, які асвятляе вернікаў усіх часоў, распальваючы полымя любові Хрыста ў сэрцы сучаснага чалавека. Нашаму грамадству патрэбныя жанчыны, падобныя да яе”, - дадаў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуў увагу на некалькі рыс святой. Першая – руплівасць, з якой яна імкнулася несці Хрыста ў свет і зрабіць Яго прысутнасць моцнай і рэальнай праз сведчанне сваёй веры і святасці. Другая – яе паслухмянасць кіраўніцтву анёлаў і пабожнасць да сваіх нябесных апекуноў, якія суправаджалі яе на жыццёвым шляху. Трэцяя рыса – імкненне да адзінства Касцёла, дзеля якога яна ахвярна працавала як малітвай, так і справамі.
Святы Айцец падкрэсліў, што ўсё гэта працягваецца ў дзейнасці кляштара Тор-дэ-Спэкі, які “знаходзіцца ў самым сэрцы Вечнага горада” і з’яўляецца “светачам для гісторыі і шляху народа”.
Пантыфік заўважыў, што на працягу стагоддзяў мноства людзей прыходзілі ў гэтае ўзнёслае месца, багатае мастацтвам і духоўнасцю, каб чэрпаць унутраны спакой і адчуць Божую любоў. “І сёння, у свеце, які жыве ў шалёным рытме і ў дастатку, асабліва патрэбныя такія аазісы. Таму заклікаю вас аднавіць ваш харызмат, давяраючыся дапамозе Святога Духа, які, нягледзячы на выклікі сучаснасці, здолее ўмацаваць вас і дапамагчы працягваць місію дзеля дабра Касцёла”, - напісаў Леў XIV.