MAP

Малітоўнае чуванне ў памяць аб ахвярах катастрофы ў порце Бейрута, 3 жніўня 2025 года Малітоўнае чуванне ў памяць аб ахвярах катастрофы ў порце Бейрута, 3 жніўня 2025 года 

Леў XIV падтрымаў ліванцаў у гадавіну выбуху ў Бейруце

У пятую гадавіну трагічнага выбуху ў порце Бейрута, які адбыўся 4 жніўня 2020 года, Папа скіраваў пасланне падтрымкі ліванскім вернікам. Перад абліччам цемры смерці Пан прапануе нам святло веры, - сцвердзіў ён.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У звароце за подпісам Дзяржаўнага сакратара кардынала П'етра Параліна Пантыфік запэўніў усіх жыхароў Лівана ў сваёй малітоўнай і духоўнай блізкасці. У гэты час смутку ён запрасіў ліванцаў задумацца над евангельскім эпізодам пра ўваскрашэнне Лазара. “Перад абліччам смерці Езус плакаў (Ян 11:35), і яго слёзы злучаюцца з нашымі слязьмі ў сувязі са стратай і пакутамі нашых блізкіх. Такім чынам, Хрыстус блізкі кожнаму з вас”, - напісаў Папа.

Леў XIV заклікаў усіх задумацца над таямніцай смерці ў святле веры. Езус сказаў: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць”. І каб даць нам знак, загадаў Лазару выйсці з магілы, - нагадаў Папа.

Перад абліччам цемры смерці і пакут Пан прапануе нам святло веры. “Гэта наша надзея перад тварам смерці”, - сцвердзіў Папа, які моліцца аб тым, каб міласэрны Айцец прыняў ў свой дом спакою, святла і міру ўсіх тых, хто загінуў у выніку выбуху. Ён спачувае ўсім, у каго разбітыя сэрцы і хто пакутуе ад страты блізкіх, а таксама тым, хто быў паранены ці страціў усё ў выніку гэтай катастрофы.

Святы Айцец падзякаваў біскупам, святарам, законнікам і законніцам, якія, нягледзячы на выпрабаванні, працягваюць быць побач з народам і падтрымліваюць яго, дапамагаючы захоўваць надзею і глядзець у неба, дзе знаходзіцца Бог, – як ліванскія кедры, сімвал краіны, якія цягнуцца да неба.

Папа даручыў ліванцаў матчынай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, заступніцтву святога Шарбеля і іншых ліванскіх святых, і ад усяго сэрца ўдзяліў ім апостальскае благаслаўленне.

04 жніўня 2025, 12:31