Леў XIV наведаў марыйны санктуарый на гары Ментарэла
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пасля малітвы і наведвання святыні Пантыфік сустрэўся з польскімі законнікамі з Кангрэгацыі Уваскрасення Пана Нашага Езуса Хрыста, якія апякуюцца гэтым месцам. Пасля чаго вярнуўся ў Кастэль-Гандольфа, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
Санктуарый Маці Божай Ласкавай на гары Ментарэла – адзін з самых старажытных у Італіі і ўсёй Еўропе. Ён знаходзіцца за 50 кіламетраў ад Рыма, недалёка ад мястэчка Гуаданьёла, на вышыні 1018 метраў над узроўнем мора.
Паводле традыцыі, святыня была заснавана імператарам Канстанцінам у IV стагоддзі на месцы навяртання падчас палявання былога рымскага трыбуна, святога Эўстахія.
Ментарэла – месца сярод маляўнічых горных краявідаў, удалечыні ад гарадскога шуму, – асабліва любіў святы Ян Павел ІІ. Менавіта сюды ён здзейсніў свой першы візіт па-за межамі Рыма, каб даверыць Багародзіцы сваё служэнне Наступніка святога Пятра. На працягу свайго пантыфікату Караль Вайтыла наведаў санктуарый восем разоў, але афіцыйна – толькі аднойчы. Святары з Кангрэгацыі Уваскрасення Пана Нашага Езуса Хрыста захавалі невялікі пакой, у якім Папа спыняўся пасля вандровак па навакольных гарах.