Леў XIV моладзі: у Хрысце знойдзеце сяброўства, адвагу і дабро
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падчас чування Святы Айцец адказаў на тры пытанні, скіраваныя да яго маладымі людзьмі. Першае датычыла прагі сапраўднага сяброўства, якую мае моладзь, і пастак ілюзорных і эфемерных сувязяў, што часта ствараюцца ў сацыяльных сетках.
У гэтым кантэксце Папа падкрэсліў, што адносіны з іншымі людзьмі неабходныя кожнаму чалавеку, але гэта павінны быць шчырыя і трывыя сувязі, бо толькі яны ляжаць у аснове гісторый добрага жыцця.
“Дарагія, кожны чалавек натуральным чынам прагне гэтага добрага жыцця, як лёгкія імкнуцца да паветра, але як жа цяжка яго знайсці! Стагоддзі таму святы Аўгусцін зразумеў глыбокае жаданне нашага сэрца, хоць і не ведаў пра сённяшні тэхналагічны прагрэс. Ён таксама прайшоў праз бурную маладосць, але не задаволіўся гэтым, не заглушыў крык свайго сэрца. Ён шукаў праўду, якая не падманвае, прыгажосць, што не мінае. Як ён яе знайшоў? Як знайшоў шчырае сяброўства, любоў, здольную даць надзею? Сустрэўшы Таго, хто ўжо шукаў Яго: Езуса Хрыста. Як ён будаваў сваю будучыню? Ідучы за Ім, сваім вечным сябрам. Вось яго словы: “Ніякае сяброўства не з’яўляецца верным, калі яно не ў Хрысце. Толькі ў Ім яно можа быць шчаслівым і вечным”; “Сапраўды любіць свайго сябра той, хто ў сваім сябры любіць Бога”. Сяброўства з Хрыстом, што з’яўляецца асновай веры – гэта не проста адна з магчымасцяў дапамогі для пабудовы будучыні: гэта наша пуцяводная зорка. Як пісаў благаслаўлёны П’ер Джорджыа Фрасаці: “Жыць без веры, без спадчыны, якую трэба абараняць, без барацьбы за Праўду – гэта не жыць, а марудна цягнуць існаванне”. Калі нашы адносіны адлюстроўваюць гэтую глыбокую сувязь з Езусам, яны становяцца безумоўна шчырымі, шчодрымі і сапраўднымі”, - запэўніў Святы Айцец.
Другое пытанне датычыла таго, дзе шукаць адвагу для прыняцця важных жыццёвых рашэнняў. Леў XIV адзначыў, што чалавеку важна рабіць выбар, і каб здзейсніць яго, трэба памятаць пра любоў Бога і, наследуючы Хрыста, зрабіць з уласнага жыцця дар для іншых.
“Дар жыцця – гэта шлях рэалізацыі нашай асобы”, - сказаў Пантыфік, дадаўшы, што сужэнства, святарства ці кансэкраванае жыццё – гэта формы дару самога сябе, свабоднага і вызваляльнага, які робіць нас сапраўды шчаслівымі. “Гэтыя выбары напаўняюць сэнсам наша жыццё, перамяняючы яго на вобраз дасканалай Любові, якая стварыла яго і адкупіла ад усякага зла”, - сцвердзіў Папа, просячы моладзь маліцца за душы дзвюх памерлых дзяўчын, іспанку Марыю і егіпцянку Паскаль, а таксама за здароўе іспанскага хлопца Ігнасіа Гансальвеса, які трапіў у шпіталь "Bambino Gesù".
Трэцяе пытанне тычылася таго, як па-сапраўднаму сустрэць Уваскрослага Пана ў жыцці і быць упэўненымі ў Яго прысутнасці таксама падчас цяжкасцяў і хваляванняў. Святы Айцец параіў моладзі заўсёды слухаць Божае слова ў Евангеллі, шукаць справядлівасці, служыць бедным, удзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. “Вучыцеся, працуйце, любіце згодна са стылем Езуса, Добрага Настаўніка, які заўсёды крочыць поруч з намі”, - сказаў Леў XIV.
Пантыфік нагадаў, што мы сапраўды сустракаем Хрыста ў Касцёле, гэта значыць у адзінстве тых, каго сам Пан збірае вакол сябе, каб на працягу гісторыі выходзіць насустрач усім людзям, якія шчыра шукаюць Яго.
“Як жа моцна свет патрабуе місіянераў Евангелля, што будуць сведкамі справядлівасці і міру! Як моцна патрабуе будучыня людзей, якія будуць сведкамі надзеі! Дарагая моладзь, вось заданне, якое нам дае Уваскрослы Пан”, - падкрэсліў Леў XIV, заклікаўшы юнакоў і дзяўчат заставацца ў веры з радасцю і адвагай.