Пантыфік да Касцёла ў Афрыцы: жыць тым, у што верым
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум на тэму “Разам ісці ў надзеі як Касцёл – Божая сям’я ў Афрыцы” праходзіць з 5 па 12 жніўня 2025 года ў Абіджане – сталіцы Кот-д’Івуара. У ім бяруць удзел афрыканскія тэолагі, касцельныя лідары і душпастыры.
Пантыфік заўважыў, што надзея грае важную ролю ў зямным пілігрымаванні вернікаў: яна натхняе нас і падтрымлівае на шляху набліжэння да Бога, нават калі мы сутыкаемся з цяжкасцямі жыцця.
“Як вам добра вядома, Афрыка, як і кожны іншы рэгіён свету, сутыкаецца з шэрагам асаблівых цяжкасцяў. Перад абліччам гэтых выклікаў і адчування, што нічога не змяняецца, лёгка ўпасці ў роспач. Аднак менавіта Касцёл павінен быць святлом свету, горадам, што стаіць на гары, каб заставацца маяком надзеі для народаў”, - нагадаў Святы Айцец.
Леў XIV звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць імкнення Касцёла на афрыканскім кантыненце быць адной сям’ёй. “Хоць кожны з нас пакліканы развіваць асабістыя адносіны з Богам, адначасова праз хрост мы з’яднаныя як сыны і дочкі нашага Нябеснага Айца. Таму мы маем пэўную адказнасць за клопат адзін пра аднаго. На самай справе, сям’я звычайна з’яўляецца першым месцам, дзе мы атрымліваем любоў і падтрымку, неабходныя, каб ісці наперад і пераадольваць выпрабаванні, якія ставіць перад намі жыццё. Менавіта таму я заклікаю вас працягваць будаваць сям’ю мясцовага Касцёла ў вашых розных краінах і рэгіёнах, каб былі даступныя сеткі падтрымкі для ўсіх нашых братоў і сёстраў у Хрысце, а таксама для грамадства ў цэлым, асабліва для тых, хто жыве на перыферыі”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў таксама важнасць адзніства паміж тэалогіяй і душпастырскай працай. “Мы павінны жыць тым, у што верым”, - адзначыў Святы Айцец, заклікаючы Касцёл у Афрыцы да ажыццяўлення душпастырскіх праграм, якія дапамогуць адкрыць сэрцы і розум людзей на Божую праўду і любоў.