MAP

Леў XIV у садах Кастэль-Гандольфа Леў XIV у садах Кастэль-Гандольфа  (@Vatican Media)

Папа адкрые ўзорны экалагічны праект у Кастэль-Гандольфа

Пантыфік урачыста адкрые ўнікальную прастору ў папскай рэзідэнцыі Кастэль-Гандольфа, дзе прынцыпы энцыклікі “Laudato si'” увасобяцца ў канкрэтных адукацыйных і экалагічных праектах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Пасад абвясціў, што 5 верасня 2025 года, у 16.00, Леў XIV правядзе цырымонію афіцыйнага адкрыцця “Мястэчка "Laudato si'" – месца, якое стагоддзямі было рэзідэнцыяй Пантыфікаў, а цяпер адкрыецца для грамадскасці як прастора, дзе знаходзяць прымяненне прынцыпы энцыклікі “Laudato si'”, якую дзесяць гадоў таму апублікаваў Папа Францішак.

Ад папскай рэзідэнцыі да цэнтра экалагічнай адукацыі

“Мястэчка "Laudato si'", размешчанае ў папскай рэзідэнцыі Кастэль-Гандольфа, узнікла паводле жадання Папы Францішка, які ў 2023 годзе даручыў Цэнтру вышэйшай адукацыі “Laudato si'” місію стварыць месца, дзе клопат пра стварэнне і павага да годнасці чалавека, асабліва самых слабых, маглі б быць абароненыя і ўзвышаныя праз сумесны ўдзел, які знаходзіць свае карані ў веры.

Тэрыторыя, што займае 55 гектараў, уключае гістарычныя сады, палацы, помнікі і археалагічныя месцы, сельскагаспадарчыя ўгоддзі і новыя прасторы, прызначаныя для адукацыі, біялагічнага і рэгенератыўнага земляробства. Гэта плён шляху, які спалучае духоўнасць, адукацыю і ўстойлівасць з мэтай стварэння адкрытай, даступнай і інклюзіўнай прасторы для навучання, разважання і эксперыментавання з больш свядомымі і паважлівымі адносінамі са стварэннем.

Сустрэча з супрацоўнікамі і сімвалічны жэст Бачэлі

На працягу другой паловы дня Святы Айцец, перад правядзеннем Літургіі Слова з абрадам бласлаўлення, здзейсніць сімвалічнае наведванне мястэчка, агледзеўшы асноўныя месцы і сустрэўшыся з супрацоўнікамі, іх партнёрамі, іх сем'ямі і ўсімі людзьмі, якія па-рознаму ажыўляюць рэальнасць “Мястэчка "Laudato si'", а гэта – і манаскія асобы, і выкладчыкі, і студэнты, і мецэнаты, і проста прыхільнікі.

На цырымоніі таксама будуць прысутнічаць прадстаўнікі Рымскай курыі і ўстаноў Святога Пасада, а таксама шматлікія людзі, якія садзейнічалі нараджэнню гэтага праекта.

Перад бласлаўленнем месца Святым Айцом, сусветна вядомы выканаўца Андрэа Бачэлі і яго сын Матэа далучацца да малітвы сваім спевам.

Праект “Мястэчка “Laudato si'” з'яўляецца яшчэ адным прыкладам таго, як Касцёл імкнецца ператварыць словы ў канкрэтныя дзеянні ў клопаце пра агульны дом, рэалізуючы прынцыпы энцыклікі Папы Францішка на практыцы.
 

25 жніўня 2025, 10:57