Караблекрушэнне ля берагоў Емену: Папа моліцца за загінулых
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа даручае душы загінулых міласэрнасці Усемагутнага Бога і моліцца аб "Боскай моцы, суцяшэнні і надзеі" для тых, хто выжыў, для супрацоўнікаў ратавальных службаў і ўсіх тых, каго закранула гэтая трагедыя, - гаворыцца ў тэлеграме, падпісанай Дзяржсакратаром кардыналам П’етра Паралінам і накіраванай на імя арцыбіскупа Захіі Эль-Касіса, апостальскага нунцыя ў Емене і апостальскага дэлегата на Аравійскім паўвостраве.
Маршрут смерці
Паводле Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, мясцовасць, дзе адбылася трагедыя, з'яўляецца часткай аднаго з самых небяспечных міграцыйных маршрутаў у свеце — так званага “Маршруту смерці”. Адэнскі заліў выступае ключавым пунктам для суднаў кантрабандыстаў, якія перавозяць людзей у багатыя нафтавыя краіны Персідскага заліва, такія як Саудаўская Аравія.
Толькі ў 2024 годзе Міжнародная арганізацыя па міграцыі зафіксавала прынамсі 558 смерцяў на маршруце праз Чырвонае мора паміж Джыбуці і Еменам. Наплыў мігрантаў на гэтым шляху не скарачаецца. Ён працягвае прыцягваць усё больш людзей, асабліва з Самалі і Эфіопіі. Нягледзячы на ўзброены канфлікт у Емене, што цягнецца ўжо больш за дзесяць гадоў і спусташае краіну, мігранты працягваюць рызыкаваць жыццём, ідучы па гэтым маршруце.
“Усходні маршрут” таксама сумна вядомы і тым, што выкарыстоўваецца не толькі для нелегальнай міграцыі, але і для гандлю людзьмі. Паводле даных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, дзясяткі тысяч мігрантаў у Емене становяцца ахвярамі гвалту і эксплуатацыі падчас падарожжа па гэтым маршруце.
Трагедыя 3 жніўня
Караблекрушэнне адбылося 3 жніўня 2025 года ля берагоў правінцыі Абьян. Паведамляецца, што прычынай трагедыі стаў шторм. На борце знаходзіліся 157 чалавек, выхадцаў з Эфіопіі. Пацверджана гібель 76 мігрантаў, 32 выжылі, многія зніклі без вестак, іх лёс дагэтуль невядомы.