Папа палітыкам: хрысціянства патрабуе служэння з адвагай і верай
Аляксандр Панчанка - Vatican News
28 жніўня 2025 года Леў XIV прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю палітычных дзеячаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з французскай дыяцэзіі Крэтэй, якія з нагоды Юбілейнага года здзейснілі пілігрымку ў Рым.
“Перад абліччам усякіх небяспечных тэндэнцый, якія назіраюцца ў нашых заходніх грамадствах, для нас, хрысціян, няма нічога лепшага, чым звяртацца да Хрыста і прасіць Яго аб дапамозе ў выкананні нашых абавязкаў”, - адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што збаўленне, якое Езус прынёс праз сваю смерць і ўваскрасенне, ахоплівае ўсе вымярэнні чалавечага жыцця, таму “хрысціянства нельга звесці да простай асабістай пабожнасці, бо яно прадугледжвае пэўны спосаб жыцця ў грамадстве, які грунтуецца на любові да Бога і бліжняга, які ў Хрысце ўжо не вораг, а брат”.
Леў XIV заўважыў, што добра ведае пра цяжкасці, з якімі могуць сутыкацца палітыкі ў сучасных грамадствах, дзе з прычыны “кепска зразуметай свецкасці” бывае “нялёгка дзейнічаць і прымаць рашэнні ў адпаведнасці з уласнай верай”, дзе “Хрыстус і Яго Касцёл маргіналізуюцца, часта ігнаруюцца, а часам высмейваюцца”. Ён згадаў таксама пра “партыйны ціск і ідэалагічную каланізацыю”, якім падвяргаюцца палітыкі. Перад абліччам усяго гэтага патрэбна адвага, каб казаць “не”, асабліва калі “на кон пастаўлена праўда”, - дадаў Папа.
Святы Айцец параіў сваім гасцям усё мацней яднацца з Хрыстом, жыць Ім і сведчыць пра Яго. “У асобе грамадскага дзеяча няма падзелу: няма з аднаго боку палітыка, а з іншага – хрысціяніна. Ёсць палітык, які пад поглядам Бога і свайго сумлення па-хрысціянску выконвае ўласныя заданні і абавязкі”, - падкрэсліў Пантыфік.
Леў XIV заахвоціў да вывучэння і прасоўвання сацыяльнага вучэння Касцёла, якое “па сутнасці адпавядае натуральнаму закону”, што могуць прызнаваць нават нехрысціяне і няверуючыя. “Не трэба баяцца прапаноўваць яго і абараняць з перакананнем”, бо “гэта вучэнне збаўлення, якое мае на мэце дабро кожнага чалавека, пабудову мірных, гарманічных, квітнеючых і прыміраных грамадстваў”, - дадаў Папа.
Пантыфік пажадаў французскім палітычным і грамадскім дзеячам, якія здзейснілі пілігрымку ў Рым, вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў умацаванымі ў надзеі і рашуча “працаваць дзеля будавання больш справядлівага, больш чалавечнага і больш братэрскага свету, які можа стаць такім толькі тады, калі будзе прасякнуты Евангеллем”.