MAP

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Дзень посту і малітвы за мір – Леў XIV ідзе шляхам папярэднікаў

Абвясціўшы ва ўсім Каталіцкім Касцёле Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру, Леў XIV працягвае традыцыю сваіх папярэднікаў, якія неаднаразова заклікалі вернікаў да духоўнай мабілізацыі дзеля супакою на планеце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Першы Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ў трэцім тысячагоддзі абвясціў святы Ян Павел ІІ. Ён адбыўся 14 снежня 2001 года ў адказ на трагічныя падзеі 11 верасня і вайну ў Афганістане, якая стала іх наступствам. Пантыфік заклікаў тады вернікаў “горача маліцца да Бога, каб даў свету трывалую мірную будучыню, заснаваную на справядлівасці”.

Бэнэдыкт XVI абвясціў Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ў ліпені 2006 года ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе і пачаткам ізраільска-ліванскага канфлікта, які ўвайшоў у гісторыю як Другая ліванскай ці Ліпеньская вайна.

Францішак неаднаразова заклікаў вернікаў да малітвы і посту дзеля міру. Упершыню – у верасні 2013 года, каб прасіць Бога аб “вялікім дары міру” для Сірыі, Блізкага Усходу і ўсяго свету. У вігілію свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 7 верасня, ён узначаліў Імшу, падчас якой заклікаў усіх стаць “людзьмі прымірэння і супакою”.

27 кастрычніка 2023 года па ініцыятыве Францішка ў Касцёле адбыўся Дзень посту, малітвы і пакаяння ў сувязі з эскалацыяй ізраільска-палесцінскага канфлікту. У гэтым кантэксце ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане прайшло малітоўнае чуванне пад назвай “Pacem in terris” – “Мір на зямлі”, у памяць пра аднайменную энцыкліку Яна ХХІІІ, апублікаваную 60 гадоў раней.

Праз год пасля тэрарыстычнага нападу ХАМАС на Ізраіль, які справакаваў вайну, 6 кастрычніка 2024 года па закліку Францішка ў Касцёле зноў прайшоў Дзень посту і малітвы за мір. Пантыфік маліўся ў гэтай інтэнцыі ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.
 

22 жніўня 2025, 11:05