MAP

Папа Леў XIV падчас служэння ў Лацінскай Амерыцы Папа Леў XIV падчас служэння ў Лацінскай Амерыцы 

Брат Льва XIV раскрывае чалавечыя рысы Пантыфіка

Джон Прэвост, брат Льва XIV, падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра Пантыфіка ў інтэрв'ю для “NBC Chicago”, прысвечаным 100 дням пантыфікату.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гутарка не закранала цырыманіялу ці палітыкі, а імкнулася стварыць партрэт Папы як сына, брата і звычайнага чалавека.

Паводле Джона Прэвоста, яго брат вельмі сур'ёзна і адначасова натуральна ставіцца да даручанай яму паслугі. Браты амаль штодзённа размаўляюць пра падзеі ў сям'і і свеце. "Ён нагадвае нам, каб мы былі асцярожныя ў медыя", - усміхаецца Джон.

Брат Пантыфіка таксама распавёў пра яго асабістыя захапленні. Папа з'яўляецца аматарам трылераў Джона Грышэма, яго любімыя цукеркі – “Peeps”, а любімая піца – з пепероні. Джон прызнаецца, што Леў XIV сумуе па кіраванні аўтамабілем, якое некалі назваў "поўным расслабленнем".

"Ён паводзіць сябе лепш з таго часу, як стаў Папам," - з усмешкай заўважыў Джон.

Інтэрв'ю таксама падкрэсліла велізарныя патрабаванні, якія зараз прад'яўляюцца да Пантыфіка. Паштовая скрынка Джона "перапоўнена" просьбамі – ад бізнес-прапаноў па выпраўленні ватыканскіх фінансаў да бейсбольных мячоў з аўтографам. Нават парафіяне з зачыненага касцёла ў Чыкага прыйшлі з двухстаронкавай просьбай аб паўторным адкрыцці іх парафіі.

Вынікі выбару Роберта Прэвоста на Пасад Пятра ўжо бачныя ў яго родным горадзе. Ксёндз Рэй Флорэс з парафіі святога Юды ў Нью-Ленаксе, дзе вырас Роберт Прэвост, паведаміў, што з часу яго выбару значна павялічылася наведвальнасць.
 

19 жніўня 2025, 11:03