Рыкардзі: Папа Леў – чалавек спакою ў неспакойным свеце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Праз 100 дзён пасля абрання Папы Льва XIV, Андрэа Рыкардзі, пасрэднік у мірных перамовах у Мазамбіку, Гватэмале, Кот-д'Івуары, Гвінеі, былы міністр міжнароднага супрацоўніцтва ва ўрадзе Італіі, дзеліцца назіраннямі ў гутарцы з "La Stampa".
Зло не пераможа
Паводле Рыкардзі, Юбілей Маладых стаў сапраўдным сюрпрызам. "Паміж смерцю Францішка і інтранізацыяй Льва з'явілася абноўленая цікавасць да Касцёла. Першае пасланне новага Пантыфіка – 'Зло не пераможа', што вельмі важна ў сітуацыі войнаў у Еўропе, Газе і Судане", - адзначае ён.
Маладыя людзі прыбылі ў Тор Вергата, перавысіўшы ўсе чаканні: "Чакалі 500 тысяч, а іх было больш за мільён. Гэта паказвае, што Папа Леў адчувае пытанні многіх, нават у час крызісу Касцёла".
Крызіс – магчымасць для будучыні
На пытанне пра сваю кнігу "Касцёл гарыць" Рыкардзі адказвае: "Так, але ёсць супярэчлівыя знакі: асвячэнне Нотр-Дам, хрост 18 тысяч маладых у Францыі. Рэлігійная патрэба існуе, і спакой Льва яе задавальняе".
Гісторык падкрэслівае, што крызіс не абавязкова азначае канец: "Ён можа стаць нагодай для адкрыцця будучыні. Рызыка – абмежавацца выжываннем і ўспамінамі пра лепшыя часы. Рашэнне – жыць у крызісе як місіянер, як гэта робіць Папа Леў".
Спакой і вера супраць вайны
"Дакументы і рашэнні прыйдуць, але яго спакой – гэта спакой верніка, нягледзячы на занепакоенасць светам, дзе зноў гавораць пра атамную канфрантацыю", - працягвае Рыкардзі.
"Канфлікты не спыняюцца, а Папа застаецца верным Евангеллю міру. Спакой, вера і мір стаяць разам, каб вызваліць нас ад падпарадкавання вайне", - падкрэслівае гісторык.
Паводле Рыкардзі, Святы Айцец імкнецца "атакаваць" эпоху сілы, каб перайсці да "эпохі перамоў" і права: "Яго пасланне міру ўкаранёнае ў веры, але не абстрактнае. Леў XIV ведае, як гаварыць пра мір і вайну канкрэтна".
Чалавек надзеі ў складаныя часы
Рыкардзі адзначае, што пантыфікат нельга зводзіць да назначэнняў ці знешніх атрыбутаў: "Ён прадстаўляецца як біскуп Рыма, але таксама з'яўляецца сынам Ордэна аўгустынцаў і ведае, што кіраванне супольнасцю – складаная справа. У гэтыя дэпрэсіўныя часы ён з'яўляецца чалавекам надзеі".
Падобна Яну Паўлу II, Папа Леў усведамляе, што важна натхняць людзей. Ён захоўвае аптымізм і перакананасць, што Касцёл можа змяніць свет і спрыяць міру, нават калі сам Касцёл перажывае крызіс з прычыны зніжэння колькасці практыкуючых вернікаў.
Рыкардзі падкрэслівае, што Леў XIV – "спакойны, разважлівы чалавек, які працягвае традыцыі сінадальнасці Францішка, але таксама чэрпае з спадчыны Пантыфікаў Сабору".