Папа: Амазонія патрабуе Евангелля, справядлівасці і клопату пра прыроду
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец прывітаў удзельнікаў пасяджэння Касцельнай канферэнцыі Амазоніі (CEAMA), якое з 17 па 20 жніўня 2025 года праходзіць у сталіцы Калумбіі, Багаце.
У лісце за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна Пантыфік выказаў ім падзяку за клопат пра вернікаў амазонскай зямлі і пошук магчымасцей для дапамогі дыяцэзіяльным біскупам і Апостальскім вікарыям рэгіёну ў выкананні іх місіі.
У гэтым кантэксце Леў XIV заклікаў мець перад вачыма тры ўзаемазвязаныя вымярэнні душпастырскай дзейнасці ў Амазоніі: місію Касцёла абвяшчаць Евангелле ўсім людзям, справядлівае стаўленне да народаў, якія тут жывуць, і клопат пра агульны дом.
“Важна, каб Езус Хрыстус, у якім усё знаходзіць сваё спаўненне, абвяшчаўся ясна і з вялікай любоўю сярод жыхароў Амазоніі, каб мы імкнуліся даваць ім свежы і чысты хлеб Добрай Навіны і нябесны пасілак Эўхарыстыі – адзіны спосаб па-сапраўднаму быць народам Божым і Целам Хрыстовым”, - гаворыцца ў пасланні.
Святы Айцец заклікаў кіравацца ў гэтай місіі ўпэўненасцю, “пацверджанай гісторыяй Касцёла, што там, дзе прапаведуецца імя Хрыста, у той самай меры адступае несправядлівасць, бо, як сцвярджае апостал Павел, усялякае выкарыстанне чалавека чалавекам знікае, калі мы здольныя прымаць адзін аднаго як братоў”.
Папа згадаў таксама пра права і абавязак “клапаціцца пра “дом”, які Нябесны Айцец даручыў нам як клапатлівым распарадчыкам, каб ніхто безадказна не разбураў прыродныя дары, што кажуць пра дабрыню і прыгажосць Стварыцеля, і тым больш, каб ніхто не падпарадкоўваўся ім як нявольнік ці паклоннік прыроды, бо гэтыя рэчы дадзеныя нам для таго, каб дасягнуць нашай мэты – праслаўлення Бога і збаўленне нашых душаў”.