Святы Айцец падзякаваў рэдакцыі ватыканскай "вулічнай газеты"
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа падкрэсліў асаблівае значэнне газеты, якая дапамагае глядзець на свет з перспектывы вуліцы і вучыць чуць галасы тых, у каго няма голасу. Ён заклікаў супрацоўнікаў і валанцёраў працягваць працу, дадаючы, што ў гісторыях, якія яны расказваюць, прысутнічае рука Божая, бо яны ярка сведчаць аб тым, што “ўсё можна выправіць, і няма ніводнай гісторыі, пазбаўленай надзеі, калі мы верым у Божую любоў".
Пасланне Святога Айца зачытаў падчас святкавання гадавіны “вулічнай газеты” прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні. На свяце таксама выступілі сакратар дыкастэрыі ксёндз Люсіа Руіс, галоўны рэдактар "L’Osservatore Romano" Андрэа Монда і старшыня Таварыства святога Вінцэнта дэ Поля Джуліана Крэпальдзі. Урачыстасць прайшла ў рымскай штаб-кватэры супольнасці.
Штомесячнае выданне "L'Osservatore di Strada" ("Вулічны назіральнік") было заснавана 29 чэрвеня 2022 года як частка ватыканскай газеты "L’Osservatore Romano" ("Рымскі назіральнік"). Валанцёры бясплатна распаўсюджваюць яго на Плошчы Святога Пятра кожную нядзелю падчас малітвы "Анёл Панскі".