MAP

Палесцінцы падчас раздачы харчовай дапамогі Палесцінцы падчас раздачы харчовай дапамогі  

Святы Айцец: кожны чалавек мае годнасць, дадзеную яму Богам

Пасля малітвы “Анёл Панскі” 27 ліпеня 2025 года Леў XIV звярнуўся з заклікам да мірных перамоў і выказаў глыбокую заклапочанасць становішчам мірных жыхароў Газы, якія пакутуюць ад голаду і насілля.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Маё сэрца блізкае да ўсіх, хто пакутуе ад канфліктаў і гвалту ў свеце. У прыватнасці, я малюся за тых, хто пацярпеў у сутыкненнях на мяжы Тайланда і Камбоджы, асабліва за дзяцей і сем’і, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Хай Князь супакою натхніць усіх на пошук дыялогу і прымірэння”, - заклікаў Папа.

“Малюся за ахвяр гвалту на поўдні Сірыі”, - дадаў ён.

“Я з вялікім непакоем сачу за вельмі сур'ёзнай гуманітарнай сітуацыяй у Газе, дзе грамадзянскае насельніцтва пакутуе ад голаду і пастаяннай пагрозы насілля і смерці. Аднаўляю свой сардэчны заклік да спынення агню, вызвалення закладнікаў і поўнай павагі да гуманітарнага права”, - зазначыў Леў XIV.

Пантыфік нагадаў, што кожны чалавек мае ўласцівую яму годнасць, дадзеную Богам, і заклікаў усе бакі ва ўсіх канфліктах прызнаць гэта і спыніць любыя дзеянні, якія супярэчаць гэтай годнасці. “Заклікаю весці перамовы пра мірную будучыню для ўсіх народаў і адмаўляцца ад усяго, што можа перашкодзіць ёй,” - сказаў ён, давяраючы Панне Марыі нявінных ахвяр войнаў і кіраўнікоў дзяржаў, якія могуць пакласці ім канец.

Cусветны дзень пажылых

Папа павіншаваў бабуль, дзядуль і ўсіх пажылых людзей з іх пятым Сусветным днём, які сёлета праходзіць пад дэвізам “Шчаслівы той, хто не страціў надзеі”. Ён падкрэсліў, што пажылыя людзі – гэта сведкі надзеі, здольныя асвятляць шлях маладога пакалення. “Давайце не пакідаць іх у адзіноце. Заключым з імі саюз любові і малітвы”, - заклікаў ён.

Юбілей моладзі

Святы Айцец з асаблівай любоўю звярнуўся да юнакоў і дзяўчат з розных краін свету, якія сабраліся ў Рыме на Юбілей моладзі. Ён пажадаў, каб гэтая падзея стала магчымасцю “асабіста сустрэцца з Хрыстом, быць умацаванымі Ім у веры і імкненні крочыць па Яго слядах”.

Напрыканцы сустрэчы Папа нагадаў таксама, што ўвечары 27 ліпеня 2025 года ў Рыме на рацэ Тыбр пройдзе традыцыйная працэсія Маці Божай рачной - “Ф’юмарола”. Ён пажадаў, каб усе ўдзельнікі гэтай прыгожай марыйнай традыцыі вучыліся ў Маці Божай жыць кожны дзень паводле Евангелля.

27 ліпеня 2025, 13:31