MAP

Святы Айцец: хрост дорыць жыццё, адмовімся ад культуры смерці

Хрост яднае нас з Хрыстом і дорыць жыццё. Мы абавязваемся адмовіцца ад культуры смерці, - нагадаў Леў XIV маладым французскім катэхуменам і новаахрышчаным, якія 29 ліпеня 2025 года здзейснілі юбілейную пілігрымку ў Рым.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа нагадаў, што хрост робіць чалавека паўнапраўным членам вялікай Божай сям’і. Ініцыятыва заўсёды зыходзіць ад верніка, гэта яго асабістая сустрэча з Хрыстом. “Мы прызнаем сябе дочкамі і сынамі Божымі праз наш хрост "у імя Айца", які прапануе нам Усынаўленне, "і Сына", які прымае нас у сваё жыццё і адносіны з Айцом, " і Святога Духа", крыніцы ўсякага дару. Як казаў святы Павел, “бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся” (Гал 3:27).

Адмаўленне ад культуры смерці

“Хрост яднае нас з Хрыстом і дорыць жыццё. Мы абавязваемся адмовіцца ад культуры смерці, вельмі распаўсюджанай у нашым грамадстве. Гэтая культура смерці праяўляецца сёння ў абыякавасці, пагардзе да іншых, наркатычнай залежнасці, імкненні да лёгкага жыцця, у сексуальнасці, якая пераўтвараецца ў забаву, у выкарыстанні іншага для ўласнай карысці, у несправядлівасці і гэтак далей”, - асудзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў пра важны момант хросту – атрыманне свечкі, запаленай ад велікоднага пасхалу, які сімвалізуе святло Уваскрослага Хрыста. Гэта святло трэба захоўваць, падсілкоўваючы яго слуханнем Слова Божага і ўдзелам у Эўхарыстыі. Як казаў святы Амвросій: "Omnia Christus est nobis!” (“Хрыстус для нас – усё!”). Каб жыць шчасліва і мірна, мы пакліканы ўскладаць надзею на Хрыста, - сцвердзіў Папа.

Вера – гэта шлях на ўсё жыццё

На думку Льва XIV, катэхуменат не заканчваецца хростам, але працягваецца ўсё жыццё, з радасцямі і цяжкасцямі. Ён заклікаў маладых вернікаў не абмяжоўвацца тэарэтычнымі ведамі пра Бога, а жыць верай штодня. “Вельмі важна, каб досвед Бога быў у малітве, у сакрамэнтах, асабліва споведзі, і ў жыцці супольнасці”, - нагадаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што ніхто не нараджаецца хрысціянінам, ім становяцца ў адказ на ласку Божую. Аднак гэта наш усвядомлены выбар і наш асабісты шлях. Не дастаткова насіць этыкетку “хрысціянін”, патрэбна штодзённая асабістая сустрэча з Езусам і вернасць Яму нават у часы пакут, бо Ён – "дарога, і праўда, і жыццё" (Ян 14:6), - сказаў Пантыфік.

29 ліпеня 2025, 11:50