MAP

Святы Айцец: для Бога ўсё чалавецтва – адна вялікая сям’я

Аднавіць радасць прыналежнасці да Касцёла, думаць шырэй і бачыць сябе часткай Божага плану збаўлення ўсяго чалавецтва, - заклікаў Пантыфік кансэкраваных асоб.

Марыя Валодзіна - Vatican News

12 ліпеня 2025 года ў папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа адбылася сустрэча Льва XIV з удзельнікамі генеральных капітулаў некалькіх манаскіх інстытутаў.

На аўдыенцыі прысутнічалі прадстаўнікі Папскага інстытута замежных місій, Кангрэгацый Пабожных Настаўніц Філіпіні, Пабожных Настаўніц Венерыні, Дачок Касцёла, Салезіянак-аблатак Найсвяцейшага Сэрца, Францішканак святой Ангеліны, Сясцёр-аблатак Езуса і Марыі, а таксама Дачок Марыі Ордэна Пабожных Школ.

Папа звярнуўся да гасцей з цёплымі словамі прывітання і падзякі за іх служэнне. “Вы сабраліся дзеля малітвы, разважання і дыялогу пра тое, што Пан просіць вас рабіць у будучыні”, - адзначыў ён.

Ён падкрэсліў, што Касцёл глыбока цэніць служэнне кожнай кангрэгацыі, якія, хоць і маюць розныя харызмы, аб’яднаныя адзінай і вечнай рэчаіснасцю: любоўю Бога да чалавецтва. Гэтыя розныя манаскія шляхі – місійнае служэнне, адукацыя моладзі, любоў да Касцёла – узаемна дапаўняюць адзін аднаго і служаць агульнай мэце: выкананню Божага плану збаўлення.

Пантыфік вылучыў некалькі напрамкаў для духоўнага развіцця кансэкраваных асоб: аднаўленне місіянерскага духу, перайманне пачуццяў і думак, каб “яны былі такімі, як у Хрысце Езусе” (пар. Флп 2:5); укараненне надзеі ў Богу (пар. Іс 40:31); захаванне ў сэрцы полымя Святога Духа (1 Тэс 5:16-19); спрыянне міру і пастырскай адказнасці.

Папа заклікаў да аднаўлення радасці прыналежнасці да Касцёла і заахвоціў манаскія супольнасці “думаць маштабна”, бачыць сябе часткай Божага плану збаўлення, з дапамогай якога Бог хоча вярнуць усё чалавецтва да сябе, як адну вялікую сям'ю. Ён заахвоціў кансэкраваных асоб прыкласці ўсе намаганні, каб праз маленькае святло кожнага паклікання па ўсёй зямлі распаўсюджвалася невычэрпнае святло Хрыста.

Леў XIV заклікаў гасцей прасіць Пана быць паслухмянымі голасу Святога Духа, які "навучыць усяму" (пар. Ян 14:26) і без дапамогі якога, у нашай слабасці, мы нават “не ведаем, аб чым трэба маліцца” (пар. Рым 8:26).

“Дзякуй за вашу працу і за вашу пастаянную прысутнасць у многіх частках свету”, - сказаў Папа, ад усяго сэрца благаслаўляючы гасцей.

12 ліпеня 2025, 10:57