MAP

Святы Айцец заклікае маліцца аб мірным суіснаванні

Папская сусветная сетка малітвы апублікавала кароткі відэаролік у якім Леў XIV асабіста абвясціў сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Молімся, каб грамадствы, якім цяжка даецца суіснаванне, не паддаваліся спакусе канфрантацыі па этнічных, палітычных, рэлігійных ці ідэалагічных прычынах”, - заклікаў Пантыфік.

Відэашэраг складаецца з кадраў наступстваў канфліктаў і праяў няроўнасці ў розных частках свету: бежанцаў, разбураных гарадоў, людзей, знявечаных болем ад страты блізкіх, трушчобаў пасярод сучасных хмарачосаў, супрацьстаяння на расавай і сацыяльнай глебе. На гэтым фоне з’яўляюцца людзі, якія моляцца і разбураюць муры абыякавасці, страху і адчужэння, будуючы светлую і братэрскую будучыню.

У той жа час Святы Айцец прамаўляе словы малітвы:

“Езу, Валадар нашай гісторыі,
верны сябар і жывая прысутнасць,
Ты ніколі не стамляешся ісці нам насустрач.
І вось мы тут, спрагнёныя Твайго спакою.

Мы жывём у часы страху і падзелаў.
Часам паводзім сябе так, быццам мы самі,
і ўзводзім паміж намі муры,
забываючыся, што мы – браты і сёстры.

Спашлі, Пане, Духа Твайго,
каб у нас запалілася жаданне
слухаць і разумець адно аднаго,
жыць разам з пашанай і спачуваннем.

Дай нам адвагу шукаць шляхі дыялогу,
адказваць на канфлікты жэстамі братэрства,
адчыняць свае сэрцы перад іншымі, не баючыся адрозненняў.

Зрабі нас будаўнікамі мастоў,
гатовымі пераадольваць межы і ідэалогіі,
здатнымі глядзець на іншых вачыма сэрца,
прызнаючы ў кожным чалавеку недатыкальную годнасць.

Дапамажы нам ствараць прасторы,
дзе можа расквітнець надзея,
дзе разнастайнасць – не пагроза, а багацце,
якое робіць нас больш чалавечнымі.

Амэн”.

30 ліпеня 2025, 08:30