Мазаіка з Львом XIV з'явіцца ў Базіліцы святога Паўла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Хоць выява Папы яшчэ не бачная, ніша ўжо падсвечана залатым колерам, што сведчыць пра тое, што Пасад Пятра заняты дзейсным Біскупам Рыма.
Нагадаем, што 21 красавіка 2025 года, пасля смерці Папы Францішка, святло, якое асвятляла нішу з папскім партрэтам, было выключана, што з'яўлялася сімвалічным жэстам жалобы.
Хоць афіцыйная дата заканчэння стварэння мазаікі яшчэ не аб'яўлена, можна чакаць, што яна будзе гатовая ў першыя месяцы 2026 года. Падрыхтоўка папярэдняй мазаікі, якая прадстаўляла Папу Францішка, заняла ватыканскіх майстроў прыкладна 9 месяцаў.
Традыцыя прадстаўлення ў Базіліцы святога Паўла па-за Мурамі выяваў Пантыфікаў сягае часоў Льва Вялікага, пантыфікат якога прыпаў на V стагоддзе. Аднак пажар, які знішчыў храм у 1823 годзе, пашкодзіў большасць з іх. Пасля аднаўлення, у 1854 годзе, было размешчана каля сарака захаваных мазаік, а таксама новыя, якія прадстаўлялі пазнейшых Папаў.
Новая мазаіка – гэта не толькі твор мастацтва. Гэта знак пераемнасці служэння Пятра – сведчанне таго, што Касцёл працягвае абвяшчэнне Евангелля праз наступныя пакаленні Пантыфікаў.