Сувязь надзеі, міграцыі і місіі ў пасланні Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Да 111-га Сусветнага дня мігранта і бежанца, які адзначаецца 4-5 кастрычніка 2025 года, Папа падрыхтаваў спецыяльнае пасланне, прысвечанае сувязі паміж надзеяй, міграцыяй і місіяй. Яго тэма – "Мігранты – місіянеры надзеі".
У дакуменце, падпісаным і абнародаваным 25 ліпеня 2025 года ў дзень успаміну святога апостала Якуба, Папа адзначае, што сучасны сусветны кантэкст пазначаны войнамі, насіллем, несправядлівасцю і экстрэмальнымі метэаралагічнымі з'явамі, якія змушаюць мільёны людзей пакідаць свае краіны ў пошуках бяспекі.
"У свеце, ахопленым войнамі і несправядлівасцю, нават там, дзе ўсё здаецца страчаным, мігранты і бежанцы становяцца вестунамі надзеі. Іх мужнасць і настойлівасць – гераічнае сведчанне веры, якая бачыць па-за тым, што могуць бачыць нашы вочы, і якая дае ім сілу кідаць выклік смерці на розных сучасных міграцыйных шляхах", - піша Святы Айцец.
Леў XIV, цытуючы 91-ы Псальм, праводзіць паралель паміж досведам мігрантаў і гістарычным шляхам народа Ізраіля, які вандраваў па пустыні, давяраючыся абароне Бога.
Пантыфік падкрэслівае, што мігранты і бежанцы нагадваюць Касцёлу пра яго характар як пілігрыма, які заўсёды імкнецца да канчатковай Айчыны, падтрыманы надзеяй як тэалагальнай цнотай. "Кожны раз, калі Касцёл паддаецца спакусе 'аселасці' і перастае быць пілігрымуючым народам Божым, які ідзе да нябеснай Айчыны, ён перастае быць 'у свеце' і становіцца 'ад свету'", - адзначае Папа, спасылаючыся на Евангелле паводле Яна.
Асаблівую ўвагу Леў XIV надае каталіцкім мігрантам і бежанцам, якія могуць стаць місіянерамі надзеі ў краінах, што іх прымаюць, распачынаючы новыя шляхі веры там, дзе пасланне Хрыста яшчэ не дайшло, або развіваючы міжрэлігійны дыялог у штодзённым жыцці.
"Сваім духоўным энтузіязмам і жыццёвасцю яны могуць прычыніцца да адраджэння закасцянелых касцельных супольнасцей, дзе пагрозліва наступае духоўная пустыня," - піша Пантыфік.
Цытуючы Пасланне да Габрэяў, Святы Айцец заклікае прызнаць прысутнасць мігрантаў як сапраўднае Божае благаслаўленне і магчымасць адкрыцца на Божую ласку: "Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў" (Габр 13, 2).
Завяршаючы пасланне Леў XIV даручае ўсіх, хто знаходзіцца ў дарозе, а таксама тых, хто імкнецца ім дапамагчы, мацярынскай абароне Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Суцяшальніцы Мігрантаў, "каб яна захоўвала жывой у іх сэрцах надзею і падтрымлівала іх у намаганнях будаваць свет, які б усё больш і больш нагадваў Божае Валадарства, сапраўдную Айчыну, якая чакае нас у канцы нашага падарожжа".