MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пасланне Льва XIV: Зямля ў крызісе патрабуе дзеянняў, а не слоў

1 верасня 2025 года будзе адзначацца X Сусветны дзень малітвы за клопат аб стварэнні. З гэтай нагоды Леў XIV апублікаваў пасланне на тэму "Насенне міру і надзеі", працягваючы традыцыю, закладзеную яго папярэднікам, Францішкам, які заснаваў гэты Дзень 10 гадоў таму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Шмат разоў Езус у сваім прапаведаванні выкарыстоўвае вобраз насення, каб гаварыць пра Валадарства Божае, і напярэдадні Мукі ён прымяняе гэты вобраз да сябе, параўноўваючы сябе з зярняткам пшаніцы, якое, каб прынесці плён, павінна памерці (Ян 12,24)", - адзначае Папа.

Дух Божы здольны ператварыць сухую і бясплодную пустыню ў сад

Святы Айцец падкрэслівае, што насенне цалкам аддае сябе зямлі, і там, з разбуральнай сілай свайго дару, жыццё прарастае нават у самых нечаканых месцах, дзівосным чынам ствараючы будучыню. "Давайце падумаем, напрыклад, пра кветкі, якія растуць на ўзбочынах дарог: ніхто іх не пасадзіў, але яны растуць дзякуючы насенню, якое апынулася там амаль выпадкова, і яны здольныя ўпрыгожыць шэрасць асфальту і нават паўплываць на яго цвёрдую паверхню", - піша Пантыфік.

"Такім чынам, у Хрысце мы з'яўляемся насеннем. І не проста насеннем, але "насеннем міру і надзеі", – працягвае ён, спасылаючыся на прарока Ісаю, які кажа, што Дух Божы здольны ператварыць сухую і бясплодную пустыню ў сад, месца адпачынку і спакою.

Прыйшоў час, каб за словамі ішлі справы

Леў XIV выказвае занепакоенасць тым, што ў розных частках свету відавочна, што наша зямля прыходзіць у заняпад. "Паўсюль несправядлівасць, парушэнне міжнароднага права і правоў народаў, няроўнасць і сквапнасць, якія выклікаюць высечку лясоў, забруджванне, страту біяразнастайнасці", - адзначае ён.

Пантыфік папярэджвае, што павялічваюцца інтэнсіўнасць і частата экстрэмальных прыродных з'яў, выкліканых зменай клімату, абумоўленай дзейнасцю чалавека, не кажучы ўжо пра сярэдне- і доўгатэрміновыя наступствы чалавечага і экалагічнага спусташэння, выкліканага ўзброенымі канфліктамі.

Экалагічная справядлівасць – гэта неабходнасць, а не выбар

"Здаецца, што па-ранейшаму не хапае ўсведамлення таго, што знішчэнне прыроды не закранае ўсіх аднолькава: ігнараванне справядлівасці і міру мацней закранае найбяднейшых, маргіналізаваных, выключаных", - падкрэслівае Папа, прыводзячы ў якасці прыкладу пакуты карэнных супольнасцей.

Леў XIV падкрэслівае, што экалагічная справядлівасць, пра якую ўскосна гаварылі яшчэ прарокі, не можа заставацца проста тэарэтычным паняццем ці далёкай мэтай. Гэта актуальная і неадкладная патрэба сучаснасці.

"Гэта неадкладная неабходнасць, якая выходзіць за рамкі простай абароны навакольнага асяроддзя. На самой справе, гэта пытанне грамадскай, эканамічнай і антрапалагічнай справядлівасці", - заяўляе Пантыфік.

Жыць пакліканнем захавальніка справы Божай – істотная частка хрысціянскай дабрадзейнасці

"Прыйшоў час, каб за словамі ішлі справы", - заклікае Леў XIV, цытуючы энцыкліку "Laudato si'": "Жыць пакліканнем быць захавальнікамі справы Божай – істотная частка дабрадзейнага існавання, а не нешта неабавязковае і не другасны аспект хрысціянскага досведу".

Сярод ініцыятыў Касцёла, якія з'яўляюцца падобнымі да насення, кінутага ў гэтае поле, Пантыфік адзначае праект "Borgo Laudato Si'", які Папа Францішак пакінуў у спадчыну ў Кастэль-Гандольфа, як насенне, якое можа прынесці плады справядлівасці і міру. "Гэта праект адукацыі па інтэгральнай экалогіі, які імкнецца стаць прыкладам таго, як можна жыць, працаваць і ствараць супольнасць, прымяняючы прынцыпы энцыклікі "Laudato si'", - тлумачыць Леў XIV.

Напрыканцы свайго паслання Папа просіць Усемагутнага Бога паслаць у дастатку "Дух з вышыні" (Іс 32,15), каб гэтае насенне і іншыя падобныя прынеслі шчодрыя плады міру і надзеі.

"Энцыкліка "Laudato si'" суправаджала Каталіцкі Касцёл і многіх людзей добрай волі на працягу дзесяці гадоў: няхай яна працягвае натхняць нас, а інтэгральная экалогія няхай становіцца ўсё больш і больш пашыраным і агульным шляхам", - заключае Пантыфік.

X Сусветны дзень малітвы за клопат аб стварэнні будзе адзначацца 1 верасня 2025 года. Ён быў устаноўлены Папам Францішкам у 2015 годзе, адначасова з выхадам яго энцыклікі "Laudato si'" пра клопат аб супольным доме, і цяпер адзначаецца штогод. Каталіцкі Касцёл далучыўся да ініцыятывы Канстантынопальскага Патрыярхату, які ўжо ў 1989 годзе ўстанавіў 1 верасня Днём малітвы за клопат аб стварэнні.
 

02 ліпеня 2025, 12:05