MAP

На выставе ў рамках саміту “AI for Good Summit 2025” На выставе ў рамках саміту “AI for Good Summit 2025”  (ANSA)

Саміт па штучным інтэлекце: Леў XIV заклікае да разважлівасці

Ад імя Льва XIV кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін звярнуўся да ўдзельнікаў саміту па штучным інтэлекце ў Жэневе з заклікам да этычнай яснасці і каардынаванага кіравання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасланне, абнародаванае 9 ліпеня 2025 года, пачынаецца з прывітання ад імя Папы Льва XIV усім удзельнікам саміту “AI for Good Summit 2025”, арганізаванага Міжнародным саюзам электрасувязі (ITU), які сёлета адзначае 160-ю гадавіну з дня заснавання, у супрацоўніцтве з агенцтвамі ААН і пры падтрымцы швейцарскага ўрада.

Тэхналогіі павінны служыць інтарэсам усяго чалавецтва

"Чалавецтва стаіць на раздарожжы, сутыкаючыся з велізарным патэнцыялам, створаным лічбавай рэвалюцыяй, якую рухае штучны інтэлект", - гаворыцца ў пасланні. Уплыў гэтай рэвалюцыі вельмі шырокі, ён трансфармуе такія сферы, як адукацыя, праца, мастацтва, ахова здароўя, кіраванне, ваенная справа і камунікацыя.

Гэтая эпахальная трансфармацыя патрабуе адказнасці і разважлівасці, каб штучны інтэлект распрацоўваўся і выкарыстоўваўся дзеля агульнага дабра, будаваў масты дыялогу і садзейнічаў братэрству, забяспечваючы, каб ён служыў інтарэсам усяго чалавецтва.

Штучны інтэлект не здольны да сапраўднага маральнага разважання

"Паколькі штучны інтэлект становіцца здольным аўтаномна адаптавацца да многіх сітуацый, прымаючы чыста тэхнічныя алгарытмічныя рашэнні, вельмі важна ўлічваць яго антрапалагічныя і этычныя наступствы, каштоўнасці, якія стаяць пад пагрозай, і абавязкі і нарматыўныя базы, неабходныя для падтрымкі гэтых каштоўнасцей", - падкрэсліваецца ў пасланні.

Нягледзячы на здольнасць штучнага інтэлекту імітаваць чалавечае мысленне і выконваць задачы з вялікай хуткасцю і эфектыўнасцю, ён не здольны да сапраўднага маральнага разважання і не можа ствараць сапраўдныя чалавечыя адносіны.

Развіццё тэхналогій павінна непарыўна спалучацца з павагай да чалавечых каштоўнасцей

Тэхналагічны прагрэс павінен непарыўна спалучацца з павагай да чалавечых і сацыяльных каштоўнасцей, здольнасцю прымаць рашэнні з чыстым сумленнем і ўзрастаннем асабістай адказнасці. Невыпадкова, што сучасная эпоха глыбокіх інавацый прымушае многіх задумацца над сутнасцю чалавека і яго месцам у свеце.

Ад імя Папы Льва XIV кардынал Паралін заахвоціў удзельнікаў саміту імкнуцца да этычнай яснасці і ўсталяваць каардынаванае мясцовае і глабальнае кіраванне штучным інтэлектам, заснаванае на агульным прызнанні ўласцівай годнасці і асноўных свабод чалавечай асобы.
 

09 ліпеня 2025, 12:54