MAP

2025.06.02 banner preghiera papa in bielorusso

Малітоўная інтэнцыя Папы на ліпень: фармацыя ў распазнаванні

Папа прысвяціў сваю ліпеньскую малітоўную інтэнцыю фармацыі ў распазнаванні, падкрэсліваючы важнасць гэтага духоўнага мастацтва ў свеце, які пастаянна змяняецца і патрабуе ўмення прымаць правільныя рашэнні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

3 ліпеня 2025 года быў апублікаваны новы выпуск "The MAP Video", які суправаджае і ілюструе малітоўную інтэнцыю Льва XIV на ліпень. Гэтая інтэнцыя, якую Папа даручае Сусветнай сетцы малітвы, прысвечана фармацыі ў распазнаванні: "Молімся аб тым, каб мы ўсё больш вучыліся распазнаваць, умелі выбіраць жыццёвыя шляхі і адмаўляцца ад усяго, што нас аддаляе ад Хрыста і Евангелля".

Відэа, падрыхтаванае Сусветнай сеткай малітвы ў супрацоўніцтве з дыяцэзіяй Брукліна, прадстаўляе гісторыю маладой жанчыны, якая заблукала ў лесе і шукае свой шлях. Спыніўшыся, вызваліўшыся ад непатрэбных цяжараў, яна працягвае ісці, выкарыстоўваючы компас і карту. Яна зноў спыняецца, адкрывае Евангелле, прыходзіць да гроту, дзе знаходзіцца статуя Марыі, моліцца ў цішыні і слухае, каб знайсці правільны шлях.

"У мітусні штодзённага жыцця мы павінны навучыцца рабіць паўзы і ствараць сакральныя моманты для малітвы, - каментуе біскуп Роберт Брэнан, Біскуп Бруклінскі. - Менавіта ў гэтых ціхіх прасторах уважлівага слухання мы адкрываем, якія шляхі сапраўды важныя, і знаходзім здольнасць распазнаваць, што сапраўды вядзе да радасці, якая прыходзіць толькі ад Бога".

Міжнародны дырэктар Сусветнай сеткі малітвы, айцец Крыстабаль Фонэс, тлумачыць: "Фармацыя ў распазнаванні з'яўляецца фундаментальнай для арыентацыі ў складаным свеце. Гэта ўключае малітву, асабістую рэфлексію, вывучэнне Святога Пісання і духоўнае кіраўніцтва. Найважнейшым з'яўляецца культываванне глыбокіх адносін з Езусам".
 

03 ліпеня 2025, 16:00