Пантыфік: свет больш не вытрымлівае войнаў і канфліктаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Неабходна маліцца за мір і імкнуцца пераканаць усе бакі сесці за стол перамоў, весці дыялог і скласці зброю", - падкрэсліў Леў XIV, адзначыўшы, што "свет больш не вытрымлівае” такой колькасці канфліктаў і войнаў.
Святы Айцец таксама нагадаў пра важнасць не толькі малітвы, але і канкрэтных дзеянняў, заклікаючы "па-сапраўднаму працаваць на карысць міру”, не забываючы “маліцца з даверам да Бога”.
Журналісты таксама папрасілі Папу пракаментаваць яго нядаўнюю размову з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху. Пантыфік пацвердзіў, што такая размова адбылася, і што яе змест быў апублікаваны.
"Мы настойвалі на неабходнасці абароны святых месцаў усіх рэлігій, супрацоўніцтва ў гэтым кірунку", - растлумачыў Леў XIV, дадаўшы, што важна мець "сапраўдную павагу да людзей і да святых месцаў". Ён таксама заклікаў "пакінуць у мінулым гвалт, нянавісць і войны", падкрэсліваючы неабходнасць спынення ўсіх узброеных канфліктаў.