Леў XIV заклікае да спынення агню пасля атакі ў Газе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Тэлеграма Святога Айца была падпісана кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам і адрасавана пробашчу, айцу Габрыэле Раманэлі, і ўсёй парафіяльнай супольнасці. У пасланні Папа запэўнівае ў сваёй духоўнай блізкасці тых, хто пацярпеў ад гэтай трагедыі.
"Яго Святасць Папа Леў XIV з глыбокім болем прыняў вестку пра ахвяры і параненых у выніку ваеннага нападу на каталіцкі касцёл Святой Сям'і ў Газе", - гаворыцца ў тэксце тэлеграмы.
Святы Айцец даручае душы памерлых "міласэрнай любові Усемагутнага Бога" і моліцца за суцяшэнне тых, хто смуткуе, і за выздараўленне параненых.
Леў XIV таксама аднаўляе свой заклік да неадкладнага спынення агню. У тэлеграме адзначаецца, што Яго Святасць "выказвае сваю глыбокую надзею на дыялог, згоду і трывалы мір у рэгіёне".