Папа ўзначаліў Імшу ў капліцы карабінераў у Кастэль-Гандольфа
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада ў сваім афіцыйным Telegram-канале, 15 ліпеня Папа Леў XIV цэлебраваў святую Імшу ў капліцы карабінераў у Кастэль-Гандольфа.
Капліца, размешчаная на тэрыторыі Вілы дэі Джэзуіці (Вілы езуітаў), была заснавана кардыналам Эміліа Валенці ў XVII стагоддзі. У 1667 годзе гэту маёмасць набыў генеральны настаяцель Таварыства Езуса Джан Паола Аліва. Адсюль, верагодна, і назва маёнтка – Віла езуітаў.
У канцы XVII стагоддзя былі распачаты працы па ўпарадкаванні інтэр'ераў палаца. У перыяд 1707-1709 гадоў па загаду генеральнага настаяцеля Мікеланджэла Тамбурыні была пабудавана другая частка палаца з цэнтральным корпусам, які злучаў яе з першапачатковым будынкам. У тыя ж гады была распачата будоўля капліцы. Значная падзея ў гісторыі Вілы езуітаў адбылася ў 1741 годзе, калі капліцу наведаў Бэнэдыкт XIV, які цэлебраваў у ёй Імшу.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя аздабленне капліцы было завершана: узведзены пяць алтароў, усталяваны драўляныя падсвечнікі, бронзавыя крыжы, срэбны цыборый. Палотны за алтарамі капліцы належаць пэндзлю Гаэтана Сарціні. На іх – выявы Маці Божай з Дзіцяткам Езусам, якая з'яўляецца святому Ігнацыю Лаёлу падчас напісання ім "Духоўных практыкаванняў", а таксама святыя з ордэна езуітаў.
Сёння гэты ўнікальны помнік духоўнай і культурнай спадчыны належыць Святому Пасаду, які перадаў яе ў карыстанне прыватным асобам, Таварыству Езуса і станцыі карабінераў. Імша з удзелам Святога Айца падкрэслівае яго блізкасць да тых, хто служыць грамадству, забяспечваючы бяспеку і парадак.