MAP

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (@Vatican Media)

Леў XIV у Кастэль Гандольфа пра выхаванне, служэнне і малітву

Пасля малітвы "Анёл Панскі" 13 ліпеня 2025 года Леў XIV прывітаў пілігрымаў, адзначыў беатыфікацыю мучаніка Лікарыёна Мэя і заклікаў вернікаў маліцца за мір.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы з вернікамі ў Кастэль-Гандольфа Папа выказаў задавальненне тым, што знаходзіцца сярод іх. Ён прывітаў грамадзянскія і вайсковыя ўлады і падзякаваў усім за цёплы прыём.

Леў XIV нагадаў, што напярэдадні, у Барселоне, быў беатыфікаваны Лікарыён Мэй (свецкае імя – Франсуа Бенжамэн) з манаскай кангрэгацыі братоў-марыстаў, забіты ў 1909 годзе з нянавісці да веры. "У варожых абставінах ён з адданасцю і мужнасцю выконваў адукацыйную і душпастырскую місію", - падкрэсліў Святы Айцец, дадаўшы, што "гераічнае сведчанне гэтага мучаніка павінна стаць стымулам для ўсіх, асабліва для тых, хто займаецца выхаваннем моладзі".

Папа падзякаваў выхавацелям і аніматарам, якія па ўсім свеце праводзяць летнія лагеры для дзяцей і падлеткаў. У гэтым кантэксце ён згадаў пра важную ініцыятыву “Кінафестывалю Джыфоні” (Giffoni Film Festival), які збірае дзяўчат і хлопцаў з усяго свету і ў гэтым годзе будзе прысвечаны тэме: "Станавіцца чалавечнымі".

Завяршаючы сваё слова, Святы Айцец заклікаў: "Браты і сёстры, не забывайцеся маліцца за мір і за ўсіх тых, хто з прычыны насілля і вайны знаходзіцца ў стане пакуты і патрэбы".
 

13 ліпеня 2025, 12:58