MAP

Леў XIV падчас Імшы ў капліцы карабінераў Кастэль Гандольфа Леў XIV падчас Імшы ў капліцы карабінераў Кастэль Гандольфа  (ANSA)

Вернасць праз стагоддзі: Леў XIV пра місію карабінераў

15 ліпеня 2025 года ў Кастэль Гандольфа Леў XIV заклікаў карабінераў "адказваць на злачынства сілай закона і сумленнасці" і ўзгадаў юбілей іх нябеснай Апякункі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас Імшы ў капліцы ўчастку карабінераў у Кастэль Гандольфа Папа засяродзіў увагу на сапраўдным хрысціянскім значэнні слоў "брат" і "сястра", якія вызначаюць адносіны паміж людзьмі і паказваюць на сувязь мацнейшую за кроўную, бо яднаюць усіх мужчын і жанчын.

Слухаць слова Божае з любоўю

"Усе мы сапраўды браты і сёстры Езуса, калі выконваем волю Бога, гэта значыць, калі жывём, любячы адзін аднаго, як Бог палюбіў нас", - падкрэсліў Леў XIV. Ён адзначыў, што гэта адносіцца і да Марыі, якая стала Маці Езуса, бо з любоўю слухала Божае слова, прыняла яго ў сваё сэрца і верна жыла згодна з ім.

У сваёй гаміліі Святы Айцец нагадаў, што ў 2025 годзе адзначаецца 75-я гадавіна абвяшчэння Багародзіцы, якую ўшаноўваюць пад тытулам "Дзева Верная" (Virgo Fidelis) апякункай корпуса карабінераў. Менавіта з Кастэль Гандольфа ў 1949 годзе Папа Пій XII адгукнуўся на гэту прапанову галоўнага камандавання карабінераў абвясціць Маці Божую іх апякункай.

Падчас папскай Імшы ў капліцы карабінераў Кастэль Гандольфа
Падчас папскай Імшы ў капліцы карабінераў Кастэль Гандольфа   (@Vatican Media)

Ахвярнасць дзеля агульнага дабра

"Пасля трагедыі вайны, у перыяд маральнага і матэрыяльнага аднаўлення, вернасць Марыі Богу стала ўзорам вернасці кожнага карабінера Радзіме і італьянскаму народу", - адзначыў Папа. Гэтая дабрадзейнасць выражае адданасць, чысціню і пастаянства ў спрыянні агульнаму дабру, якое карабінеры абараняюць, гарантуючы грамадскую бяспеку і гарантуючы правы ўсім, асабліва тым, хто знаходзіцца ў небяспецы.

Папа выказаў глыбокую ўдзячнасць за высакародную і адказную службу, якую карабінеры нясуць на карысць Італіі і яе грамадзян, а таксама Святога Пасада і вернікаў, якія наведваюць Рым, асабліва шматлікіх пілігрымаў у Юбілейны год.

"Асабліва ў гэты час войнаў і насілля заставайцеся вернымі сваёй прысязе: як слугі дзяржавы, адказвайце на злачынства сілай закона і сумленнасці", - заклікаў Папа.

Пасля Імшы для карабінераў у Кастэль Гандольфа
Пасля Імшы для карабінераў у Кастэль Гандольфа   (@Vatican Media)

Памяць пра тых, хто аддаў жыццё

Падчас Эўхарыстыі Святы Айцец ушанаваў памяць карабінераў, якія аддалі сваё жыццё пры выкананні абавязку, згадаўшы як прыклад Сальва Д'Аквіста, беатыфікацыйны працэс якога зараз працягваецца.

Напрыканцы Папа пажадаў, каб у кожнай місіі карабінераў суправаджала Марыя, з любоўю апякуючыся кожным з іх, іх сем'ямі і іх службай.
 

15 ліпеня 2025, 11:23