MAP

Літургія ў візантыйскім абрадзе. Ілюстрацыйнае фота Літургія ў візантыйскім абрадзе. Ілюстрацыйнае фота 

Папа пра спадчыну і будучыню Візантыйскай Царквы ў ЗША

Візантыйская Каталіцкая Царква Пітсбурга атрымала пасланне ад Папы Льва XIV. Яно прымеркавана да III Мітрапалітальнай Асамблеі, якую склікаў мітрапаліт Уільям Скурла разам з Радай іерархаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Ваша Асамблея, якая праходзіць на тэму 'Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Хрыста', прапануе каштоўную магчымасць узрасці ў еднасці і пацвердзіць вашу адданасць Пану", - напісаў Святы Айцец, падкрэсліваючы важнасць гэтай падзеі для ўсяго Касцёла.

Папа адзначыў, што праз літургічныя цэлебрацыі, малітоўныя разважанні і братэрскі дыялог удзельнікі Асамблеі змогуць абнавіць сваё вернае сведчанне Хрысту і паглыбіць абвяшчэнне Евангелля ў багатай традыцыі Візантыйскіх Каталіцкіх Цэркваў.

Леў XIV падкрэсліў, што ўдзел духавенства, манаскіх асоб і свецкіх вернікаў, разам з прадстаўнікамі Экзархата Таронта і Дыкастэрыіпа справах Усходніх Цэркваў, "прапануе бачны знак камуніі ў Касцёле".

Папа таксама выказаў удзячнасць за сведчанне продкаў удзельнікаў Асамблеі, якія пабудавалі жывыя візантыйскія супольнасці ў Паўночнай Амерыцы сярод разнастайных выклікаў і няпэўнасці. "Іх спадчына працягваецца ў вашым мужным прыняцці душпастырскага абнаўлення, якое караніцца ў вернасці вашай спадчыне", - адзначыў Пантыфік.

У канцы паслання Папа запэўніў удзельнікаў Асамблеі ў сваёй духоўнай блізкасці, благаславіў іх і даручыў сход заступніцтву Багародзіцы.
 

19 ліпеня 2025, 18:26