Папа распачаў летні адпачынак у Кастэль-Гандольфа
Марыя Валодзіна - Vatican News
Па прыездзе ў Кастэль-Гандольфа Папа выйшаў з аўтамабіля, каб прывітаць людзей, якія чакалі яго каля ўваходу ў Вілу Барберыні – старажытны палац, дзе ён будзе пражываць гэтым летам. Яго сустракалі мясцовыя жыхары, турысты, сем’і, манахіні, а таксама журналісты і ахоўнікі парадку.
Святы Айцец благаславіў маленькіх дзяцей на руках у бацькоў, прывітаў пажылых людзей, стараючыся паціснуць як мага больш рук, пасля чаго накіраваўся ў палац, дзе яго чакалі сястра Рафаэла Петрыні, старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан; біскуп Вінчэнца Віва, дырэктар Папскіх віл; Андрэа Тамбурэлі і мэр Кастэль-Гандольфа Альберта Дэ Анджэліс. Таксама прысутнічаў ксёндз Тадэвуш Розмус, пробашч парафіі святога Тамаша з Вілановы, дзе Папа будзе цэлебраваць Імшу ў нядзелю, 13 ліпеня. Калі браму зачынілі, Пантыфік яшчэ раз прывітаў вернікаў з балкона вілы.
Вечарам кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні паведаміў, што меў кароткую размову з Львом XIV пасля яго прыбыцця ў летнюю рэзідэнцыю. Папа пацвердзіў сваю радасць з нагоды знаходжання ў Кастэль-Гандольфа, выказаў удзячнасць за магчымасць сустрэцца з жыхарамі мястэчка ў бліжэйшыя дні і адзначыў, што яму прыемна працягваць сваю дзейнасць у такім прыгожым месцы.