MAP

Леў XIV патэлефанаваў астранаўту місіі "Апалон-11" Базу Олдрыну Леў XIV патэлефанаваў астранаўту місіі "Апалон-11" Базу Олдрыну 

Леў XIV патэлефанаваў герою месяцовай місіі

У 56-ю гадавіну першай высадкі на Месяц Леў XIV патэлефанаваў 95-гадоваму астранаўту місіі "Апалон-11" Базу Олдрыну, з якім падзяліўся разважаннямі пра таямніцу стварэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле інфармацыі Залы Друку, Папа і астранаўт разам медытавалі над таямніцай стварэння, яго велічнасцю і крохкасцю, выкарыстоўваючы словы 8-га Псальма. У завяршэнні размовы Леў XIV благаславіў астранаўта, яго сям'ю і супрацоўнікаў.

"Мы памаліліся за дабрабыт усяго чалавецтва"

У сацыяльнай сетцы “X” Олдрын выказаў сваё хваляванне ад атрымання папскага благаслаўлення. "Мы памаліліся, - напісаў ён, - за добрае здароўе, доўгае жыццё і дабрабыт усяго чалавецтва".

Варта адзначыць, што Баз Олдрын, перад вяртаннем на Зямлю, падчас прамой тэлетрансляцыі 23 ліпеня 1969 года пажадаў прачытаць урывак з 8-га Псальма, які гаворыць пра веліч нябёсаў і месца чалавека ў Божым плане.

"Гонар чалавеку, гонар яго годнасці, яго духу, яго жыццю"

Таксама і Павел VI, згадваючы гэтае касмічнае падарожжа падчас малітвы "Анёл Панскі" 13 ліпеня 1969 года, за тыдзень да высадкі на Месяц, спасылаўся на той жа псальм.

"Чалавек, гэтае стварэнне Божае, яшчэ больш таямнічае, чым Месяц, у цэнтры гэтага дасягнення, адкрываецца нам. Адкрываецца нам як волат. Адкрываецца нам як боскі, не сам па сабе, але ў сваім пачатку і ў сваім лёсе. Гонар чалавеку, гонар яго годнасці, яго духу, яго жыццю", - каментаваў тады Папа Павел VI.

З Кастэль Гандольфа ў Чыкага 1969 года: дыялог праз час і прастору

Леў XIV правёў размову з Олдрынам з Кастэль Гандольфа, дзе ён знаходзіцца ўжо два тыдні на летнім адпачынку. За некалькі гадзін да тэлефоннай размовы ён наведаў ватыканскую абсерваторыю, размешчаную ў гэтай мясцовасці ў Альбанскіх гарах недалёка ад Рыма, і паглядзеў у адзін з вялікіх тэлескопаў.

20 ліпеня 1969 года – калі Льву XIV было 13 гадоў і ён жыў у Чыкага – экіпажу "Апалона-11" удалося здзейсніць першую высадку на Месяц. Баз Олдрын стаў другім чалавекам пасля Ніла Армстранга (1930-2012), які ступіў на паверхню Месяца.
 

21 ліпеня 2025, 11:05