Пасланне Папы ўдзельнікам каталіцкіх летніх гульняў у Будапешце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Леў XIV нагадаў удзельнікам міжнароднага моладзевага мерапрыемства ў Будапешце пра перавагі спорту. Ён падкрэсліў, што спорт з'яўляецца канкрэтным шляхам, каб пазбегнуць адзіноты ў лічбавым свеце і перажыць сапраўдную супольнасць.
"Моладзь праз свой удзел паказвае, што спорт можа быць месцам радасці, удзелу і братэрскай сустрэчы", - адзначыў Папа ў сваім пасланні. На яго думку, вучні каталіцкіх адукацыйных устаноў маюць у гэтым асаблівую місію: "Яны павінны спаборнічаць у спорце, але перш за ўсё быць сведкамі братэрскай любові і адзінства паміж народамі". Школа, якая спрыяе спорту, – гэта "школа, якая фарміруе цэласна – духоўна, гуманістычна і фізічна", - падкрэсліў Святы Айцец.
Спаборніцтвы, якія працягнуцца да нядзелі, пачаліся ў панядзелак з Эўхарыстыі ў базіліцы святога Стэфана ў Будапешце. 750 маладых спартсменаў і 150 трэнераў з 15 краін і трох кантынентаў прымаюць удзел у спаборніцтвах на тэрыторыі кампуса Людовіка ў цэнтры венгерскай сталіцы.
У праграму мерапрыемства, арганізаванага венгерскай федэрацыяй каталіцкіх школьных спартыўных клубаў (KIDS), уваходзяць лёгкая атлетыка, баскетбол, футзал, плаванне, настольны тэніс і валейбол.
Акрамя спартыўных спаборніцтваў, тыднёвае мерапрыемства прапануе таксама разнастайную праграму з міжнародным моладзевым форумам, культурным і нацыянальным кірмашом, а таксама сумеснымі малітоўнымі сустрэчамі.
Менавіта спалучэнне духоўнасці і спорту з'яўляецца, па словах старшыні KIDS ксяндза Чабы Торока, пробашча катэдры ў Эстэргоме, сутнасцю мерапрыемства: "У KIDS мы адчуваем як каталіцкае адзінства, так і спартыўную згуртаванасць".
Сярод краін-удзельніц – Бразілія, Чылі, Індыя, Ірландыя, Польшча, Мальта, Чэхія, Аўстрыя і Трансільванія.