Папа: пілігрымка можа прыносіць плён на працягу ўсяго жыцця
Марыя Валодзіна - Vatican News
5 ліпеня 2025 года Пантыфік прывітаў у Ватыкане пілігрымаў з Даніі, Ірландыі, Англіі, Уэльса і Шатландыі. Ён падкрэсліў, што госці прыбылі ў Вечны горад па слядах бясконцай чарады пілігрымаў з розных краін, якія на працягу стагоддзяў здзяйснялі гэта паломніцтва. Рым заўсёды быў асаблівым домам для хрысціян, бо менавіта тут апосталы Пётр і Павел засведчылі сваю любоў да Езуса, ахвяраваўшы за веру сваё жыццё. “Як наступнік Пятра, я жадаю выказаць вам сваю ўдзячнасць за прысутнасць тут і малюся, каб падчас наведвання святых мясцін вы змаглі чэрпаць натхненне і надзею з глыбокага прыкладу таго, як святыя і пакутнікі пераймалі Хрысту”, - сказаў Папа.
Пілігрымка займае асаблівае месца ў нашым духоўным жыцці, бо яна аддаляе нас ад паўсядзённай руціны і дае магчымасць больш глыбокай сустрэчы з Богам. Такія моманты спрыяюць нашаму духоўнаму росту, бо менавіта ў іх “Святы Дух мякка пераўтварае нас, каб мы станавіліся ўсё больш падобнымі да Хрыста ў сэрцы і думках”, - адзначыў Святы Айцец.
Папа заклікаў моладзь памятаць, што Бог стварыў кожнага з пэўнай мэтай і місіяй у гэтым жыцці. Ён заахвоціў маладых людзей скарыстацца пілігрымкай для малітвы і слухання, каб лепш пачуць Божы голас у глыбіні сэрцаў. “Будзьце адкрытымі для таго, каб Яго ласка ўмацавала вашу веру ў Езуса (пар. Клс 2:7), каб вы маглі з большай гатоўнасцю дзяліцца гэтай верай з іншымі”, - заклікаў Леў XIV.
На думку Пантыфіка, гэтыя словы ў роўнай ступені тычацца і настаўнікаў, улічваючы іх важную ролю ў выхаванні дзяцей. Ён пажадаў выхавацелям, каб іх сувязь з Хрыстом штодня паглыблялася, бо менавіта Ён з’яўляецца ўзорным Настаўнікам сапраўднага вучэння (пар. Мц 7:28). Такім чынам, яны змогуць, у сваю чаргу, весці і падтрымліваць моладзь на яе асабістым шляху да Хрыста.
Святы Айцец параіў гасцям памятаць, што пілігрымка не канчаецца вяртаннем дамоў, а пераўтвараецца ў штодзённае "паломніцтва вучняў Хрыста". “Гэты шлях не заўсёды будзе лёгкім, але з дапамогай Пана, заступніцтва святых і пры падтрымцы адзін аднаго вы можаце быць упэўненымі, што да таго часу, пакуль вы застаяцеся вернымі і заўсёды спадзеяцеся на Божую ласку, досвед гэтай пілігрымкі будзе прыносіць плён на працягу ўсяго вашага жыцця. (пар.Ян 15:16)”, - сцвердзіў Папа, даручаючы пілігрымаў апецы Марыі, Маці Касцёла, і ад усяго сэрца благаслаўляючы іх.