Папа: на Божай ніве патрэбныя не эпізадычныя, а адданыя работнікі
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Сённяшняе Евангелле (Лк 10:1-12, 17-20) нагадвае нам пра важнасць місіі, да якой пакліканы ўсе мы, кожны з нас у адпаведнасці са сваім пакліканнем і ў тых канкрэтных абставінах, у якіх нас змясціў Пан”, - звярнуўся Леў XIV да вернікаў, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра.
“Езус пасылае семдзесят двух вучняў (Лк 10:1). Гэтая сімвалічная лічба паказвае, што евангельская надзея прызначана для ўсіх народаў, бо такая шырыня Божага сэрца і такое багацце Яго жніва, гэта значыць, Яго дзейнасці ў свеце дзеля таго, каб усе Яго дзеці маглі адчуць Яго любоў і быць збаўленымі”, - сказаў Святы Айцец.
У той жа час Езус кажа: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё.” (Лк 10, 2), - нагадаў Пантыфік.
З аднаго боку, Бог, як сейбіт, на працягу ўсёй гісторыі шчодра сеяў у сэрцах людзей імкненне да бясконцасці, да поўнага жыцця і збаўлення, якое робіць нас свабоднымі. Гэта вялікае жніво. Валадарства Божае расце, як насенне ў зямлі. Сучасныя людзі, нават перагружаныя мноствам іншых спраў, усё роўна прагнуць вышэйшай праўды, шукаюць сэнсу жыцця, жадаюць справядлівасці і імкнуцца да вечнага жыцця, - сцвердзіў Папа.
З іншага боку, работнікаў мала. Мала тых, хто здольны вачыма Езуса ўбачыць спелыя каласы, гатовыя да жніва (пар. Ян 4:35-38). Пан жадае здзейсніць вялікія рэчы ў нашым жыцці і ў гісторыі чалавецтва, але толькі нешматлікія ўсведамляюць гэта, прымаюць гэты дар, а затым абвяшчаюць яго і дзеляцца ім з іншымі, - зазначыў Леў XIV.
“Касцёл і свет не маюць патрэбы ў тых, хто проста выконвае рэлігійныя абавязкі так, нібы вера – гэта толькі знешняя прыкмета. Нам патрэбныя работнікі, якія гараць жаданнем працаваць на місіянерскай ніве. Нам патрэбныя вучні, якія любяць Пана і сведчаць пра Яго Валадарства ўсюды”, - сказаў Папа, дадаючы, што сёння не бракуе "эпізадычных хрысціян" – тых, хто час ад часу адчувае рэлігійны парыў ці ўдзельнічае ў асобных мерапрыемствах, але мала хто гатовы штодня працаваць на Божай ніве, вырошчваць зерне Евангелля ў сваім сэрцы і потым дзяліцца ім з іншымі: у сем’ях, на працы, вучобе, у грамадстве і з тымі, хто мае патрэбу.
Для гэтага не патрэбна вялікая колькасць тэарэтычных уяўленняў аб пастырскіх планах. Трэба маліцца Гаспадару жніва, паглыбляць узаемаадносіны з Ім, весці з Ім дыялог. “Тады Ён зробіць нас сваімі работнікамі і пашле на ніву свету, каб мы сведчылі пра Яго Валадарства”, - заўважыў Святы Айцец.
“Папросім Найсвяцейшую Панну Марыю, якая з радасцю пагадзілася на ўдзел у справе збаўлення, заступацца за нас і суправаджаць на шляху служэння Пану, каб і мы маглі стаць радаснымі работнікамі Валадарства Божага”, - заклікаў перад малітвай Леў XIV.