Папа патэлефанаваў Лацінскаму Патрыярху Іерусаліма
Марыя Валодзіна - Vatican News
Па словах кардынала Піцабалы, у ходзе тэлефоннай размовы Папа падкрэсліў, што прыйшоў час спыніць гэтае кровапраліцце. Тое, што адбылося, не мае апраўдання. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць новых ахвяр.
Леў XIV запэўніў Патрыярха ў сваёй блізкасці, клопаце, малітве і падтрымцы, а таксама ў жаданні зрабіць усё магчымае, каб дамагчыся не толькі спынення агню, але і заканчэння гэтай трагедыі.
Ад імя Лацінскага Патрыярхату і ўсіх Цэркваў Святой Зямлі кардынал Піцабала падзякаваў Папу за яго салідарнасць і малітвы.
Экуменічны візіт у Газу і гуманітарная дапамога
18 ліпеня 2025 года кардынал Піцабала разам з грэка-праваслаўным Патрыярхам Тэафілам III прыбыў у Газу, каб наведаць каталіцкую парафію Святой Сям’і, якая пацярпела ў выніку ізраільскага абстрэлу. У выніку ракетнага ўдару загінулі тры чалавекі.
Як паведаміў Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма, мэта візіту – аказанне падтрымкі пацярпелым і арганізацыя дастаўкі гуманітарнай дапамогі: прадуктаў харчавання і медыцынскіх сродкаў. Таксама была наладжана эвакуацыя параненых для лячэння ў медыцынскіх установах па-за межамі Сектара Газа.