Пантыфік: непрымальна атакаваць месцы культу і насельніцтва
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Сёння раніцай я цэлебраваў Эўхарыстыю ў катэдры Альбана. Гэта быў значны момант касцельнай еднасці і сустрэчы з дыяцэзіяльнай супольнасцю”, - сказаў Папа, дзкуючы ўсім, хто працаваў над арганізацыяй гэтай цэлебрацыі.
Боль з прычыны насілля ў Газе
"У гэтыя дні працягваюць паступаць драматычныя навіны з Блізкага Усходу, асабліва з Газы. Выказваю свой глыбокі боль у сувязі з нападам ізраільскага войска на каталіцкую парафію Святой Сям'і ў Газе. Як вы ведаеце, у мінулы чацвер гэта выклікала смерць трох хрысціян і сур'ёзнае параненне іншых”, - звярнуўся Пантыфік, згадваючы кожнага з загінулых па імені і выказваючы блізкасць да іх сем'яў і ўсіх парафіян.
"Гэты акт, на жаль, не першы з пастаянных ваенных нападаў на цывільнае насельніцтва і месцы культу ў Газе. Зноў прашу, каб неадкладна было спынена варварства вайны. І каб было дасягнута мірнае вырашэнне канфлікту. Да міжнароднай супольнасці звяртаюся з заклікам прытрымлівацца гуманітарнага права і паважаць абавязак абароны цывільных, а таксама забарону калектыўнага пакарання, безразборлівага выкарыстання сілы і прымусовага перамяшчэння насельніцтва", - падкрэсліў Леў XIV.
Заклік да блізкаўсходніх хрысціян
"Нашым дарагім блізкаўсходнім хрысціянам кажу: "Я блізкі да вашага адчування, што мала можаце зрабіць перад гэтай такой драматычнай сітуацыяй. Вы ў сэрцы Папы і ўсяго Касцёла. Дзякуй за ваша сведчанне веры”, - сказаў Святы Айцец, давяраючы іх апецы Багародзіцы.
Праз некалькі дзён, пасля двух тыдняў, пражытых у Кастэль-Гандольфа, Леў XIV вяртаецца ў Ватыкан. Завяршаючы нядзельную сустрэчы, ён падзякаваў усім за цёплы прыём і пажадаў добрай нядзелі.