MAP

Пантыфік падзякаваў журналістам за служэнне праўдзе і міру

27 ліпеня 2025 года, пасля малітвы “Анёл Панскі”, Леў XIV прывітаў журналістаў і супрацоўнікаў ватыканскіх СМІ. Ён падзякаваў ім за адданае служэнне дзеля праўды і міру, а таксама за распаўсюджанне папскага паслання па ўсім свеце на 55 мовах.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Вітаю “Ватыканскае радыё - Vatican News”, якое, каб быць бліжэй да вернікаў і пілігрымаў падчас Юбілею, адкрыла невялікую пляцоўку пад каланадай Берніні разам з газетай “L’Osservatore Romano”. Дзякуй за служэнне на розных мовах, якое разносіць голас Папы па ўсяму свету. Дзякуй усім журналістам, якія спрыяюць камунікацыі міру і праўды”, - сказаў Святы Айцец пад апладысменты прысутных вернікаў.

Новая шматмоўная пляцоўка ватыканскіх СМІ

Каб яшчэ больш наблізіцца да вернікаў і пілігрымаў падчас Юбілею Надзеі, ватыканскія СМІ адкрылі новую медыяпляцоўку на плошчы святога Пятра. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася 25 ліпеня.

Пляцоўка дасць магчымасць журналістам асноўных ватыканскіх СМІ – "Ватыканскага радыё", "Vatican News" і газеце “L’Osservatore Romano” – аператыўна асвятляць галоўныя юбілейныя падзеі, у тым ліку кананізацыю благаслаўлёных П’ера Джорджа Фрасаці і Карла Акуціса, запланаваную на верасень 2025 года.

Праект стаў магчымы дзякуючы фінансавай падтрымцы дабрачыннай арганізацыі “Сябры Святога Айца” ("Friends of the Holy Father").

28 ліпеня 2025, 10:02