Папа на Дзень пажылых: быць знакамі надзеі ў любым узросце
Марыя Валодзіна - Vatican News
Тэма сёлетняга паслання – “Шчаслівы той, хто не страціў надзеі” (пар. Сір 14:2). Папа падкрэсліў, што “надзея – гэта пастаянная крыніца радасці, незалежна ад нашага ўзросту”. Юбілей надзеі дапамагае нам усвядоміць гэта.
Пантыфік нагадаў аб тым, што Святое Пісанне прапануе мноства прыкладаў пажылых людзей, якіх Пан заклікаў удзельнічаць у Яго плане збаўлення: Абрам, Сара, Захарыя, Альжбета, Майсей. “Такім чынам, Бог вучыць нас, што ў Яго вачах старасць – гэта час благаслаўлення і ласкі, і што пажылыя людзі з'яўляюцца для Яго першымі сведкамі надзеі”.
Леў XIV працытаваў святога Аўгустына, які казаў, што старасць – гэта час Божай моцы. Калі моц чалавека аслабляецца, у ім пачынае дзейнічаць Божая сіла. “Расце колькасць пажылых людзей. Гэта знак часу, які мы закліканы распазнаць, каб правільна зразумець гэты гістарычны момант”, - адзначыў ён.
Святы Айцец падкрэсліў, што жыццё Касцёла і грамадства можна зразумець толькі ў святле пераемнасці пакаленняў. Пажылыя людзі дапамагаюць нам зразумець, што жыццё – гэта нешта большае, чым проста сённяшні бягучы момант, і яго не варта растрачваць на павярхоўныя сустрэчы і мімалётныя адносіны.
У Юбілейны год, які з біблійных часоў быў годам вызвалення і аднаўлення грамадскага парадку і справядлівасці, мы закліканы дапамагчы самотным пажылым людзям вызваліцца ад адзіноты і пакінутасці. “Вернасць Бога сваім абяцанням вучыць нас, што ў старасці ёсць благаслаўленне, праўдзіва евангельская радасць, якая заклікае нас разбурыць сцены абыякавасці, у якіх часта бываюць замкнёнымі пажылыя людзі”, - гаворыцца ў пасланні.
Кожная парафія, асацыяцыя і касцёльная група закліканы стаць галоўнымі дзеючымі асобамі "рэвалюцыі падзякі і клопату", рэгулярна наведваючы пажылых людзей і ствараючы групы падтрымкі і малітвы. Леў XIV падкрэсліў, што наведванне пажылых – гэта “спосаб сустрэцца з Езусам, які вызваляе нас ад абыякавасці і адзіноты”, таму тыя, хто ў гэты Святы год не могуць здзейсніць юбілейную пілігрымку ў Рым, могуць атрымаць індульгенцыю, наведваючы адзінокіх пажылых людзей.
“Як казаў Папа Францішак падчас сваёй апошняй шпіталізацыі, "нашы целы слабыя, але, нягледзячы на гэта, нішто не можа перашкодзіць нам любіць, маліцца, аддаваць сябе, быць побач з іншымі з верай, як зіхатлівыя знакі надзеі" (Анёл Панскі, 16 сакавіка 2025 года). Мы валодаем свабодай, якой ніякія цяжкасці не могуць нас пазбавіць: гэта свабода любіць і маліцца. Кожны і заўсёды можа любіць і маліцца”, - падкрэсліў Леў XIV.
Любоў да блізкіх – да жонкі або мужа, з якімі мы прайшлі большую частку жыцця, да дзяцей і ўнукаў, якія ўпрыгожваюць нашы дні, – не згасае, калі нашы сілы вычэрпваюцца. Іх любоў часта адраджае ў нас энергію, прыносіць надзею і суцяшэнне, - нагадаў Пантыфік.
Напрыканцы паслання Папа заклікаў пажылых людзей з любоўю перадаваць веру, якой яны жылі на працягу столькіх гадоў, славіць Бога за яго дабрыню, захоўваць адзінства з блізкімі і адкрываць сэрцы тым, хто жыве ў нястачы. “Такім чынам, мы будзем знакамі надзеі, незалежна ад нашага ўзросту”, - сцвердзіў Святы Айцец.