MAP

Папа Леў XIV узначаліў першую Імшу аб абароне стварэння

Маліцца не толькі аб уласным экалагічным навяртанні, але і аб тых, хто яшчэ не ўсвядоміў важнасць клопату пра стварэнне, - заклікаў Святы Айцец падчас Імшы "pro custodia creationis".

Марыя Валодзіна - Vatican News

9 ліпеня 2025 года падчас адпачынку ў загараднай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа Папа ўзначаліў першую Імшу аб абароне Божага стварэння. Новы фармуляр Імшы "pro custodia creationis" быў нядаўна ўключаны ў Рымскі імшал.

Святы Айцец запрасіў усіх прысутных “у гэты прыгожы дзень” адчуць удзячнасць да Бога за стварэнне прыроды з яе раслінамі, дрэвамі, птушкамі, сярод якіх, у прыгажосці “прыроднага сабора”, яны сабраліся пад адкрытым небам, каб цэлебраваць Эўхарыстыю, а значыць, дзякаваць Пану.

Пантыфік выказаў асабістую ўдзячнасць тым супрацоўнікам ватыканскіх дыкастэрый, хто працаваў над новым фармулярам Імшы, а таксама тым, хто, натхнёны энцыклікай Францішка “Laudato si’”, клапоціцца пра наш агульны дом.

Папа заклікаў маліцца не толькі аб уласным экалагічным навяртанні, але і аб тых, хто яшчэ не ўсвядоміў важнасць клопату пра стварэнне. Многія стыхійныя бедствы, якія адбываюцца амаль штодня ў розных краінах, часткова выкліканыя эксцэсамі нашага ладу жыцця. “Таму мы павінны задацца пытаннем: адбылося з намі тое навяртанне ці не? А яно так патрэбнае!” - сказаў у прамове да вернікаў Леў XIV, дадаючы, што наш свет палае, “як з-за перагрэву зямлі, так і з-за ўзброеных канфліктаў”.

Евангельскі ўрывак, які прагучаў падчас літургіі, распавядае пра апосталаў, якія спалохаліся буры. Гэтая бура сімвалізуе страх, які адчувае сёння значная частка чалавецтва. Але ёсць надзея! Хрыстус суцяшае буру. І мы пытаемся: "Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?" (Мц 8:27), - сказаў Пантыфік у сваёй гаміліі.

На думку Льва XIV, гэтае здзіўленае пытанне з'яўляецца першым крокам, які пазбаўляе нас страху. Езус жыў і маліўся на берагах Галілейскага мора. Там, у глыбокай сувязі з зямлёй і вадой, з рытмамі прыроды і жыццём стварэння, Ён абвяшчаў Валадарства Божае.
Словы святога Паўла з Паслання да Каласянаў адказваюць на пытанне, хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго. Ён ёсць вобраз нябачнага Бога, праз Яго ўсё было створана. Мы, як Касцёл, з’яўляемся целам, якім кіруе Хрыстус. Наша місія – працягваць Яго місію: ахоўваць стварэнне, несці супакой і прымірэнне. “Мы чуем крык зямлі, мы чуем крык бедных, таму што гэты крык дайшоў да сэрца Бога. Наша абурэнне – гэта Яго абурэнне, наша праца – Яго праца”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што голас Пана заклікае Касцёл да прароцтва, нават калі яно “патрабуе адвагі супрацьстаяць разбуральнай сіле прынцаў гэтага свету”.

Святы Францішак Асізскі называў стварэнне братам, сястрой, маці. Толькі кантэмплятыўны позірк можа змяніць нашы адносіны з стварэннем і вывесці нас з экалагічнага крызісу, які паўстаў з разрыву адносін з Богам, з блізкімі і з зямлёй з-за граху (пар. Laudato si’, 66), - адзначыў Пантыфік.

Мястэчка “Laudato si’”, якое было створана па жаданні Папы Францішка, павінна стаць лабараторыяй, у якой можна жыць у гармоніі з стварэннем, дзе распрацоўваюцца новыя і эфектыўныя спосабы абароны прыроды, - заахвоціў супрацоўнікаў праекта Леў XIV.

Эўхарыстыя дае сэнс нашай працы. Як піша Папа Францішак: “У Эўхарыстыі стварэнне знаходзіць сваё найбольшае ўзвышэнне. Ласка, якая прагне выявіцца даступным для пачуццяў спосабам, цудоўным чынам выяўляецца, калі сам Бог, які стаў чалавекам, робіць сябе спажыткам для свайго стварэння. Пан на вяршыні таямніцы Уцелаўлення хацеў дасягнуць нашай сутнасці праз фрагмент матэрыі. Не з вышыні, але знутры, каб мы ў нашым свеце маглі сустрэцца з Ім.” (Laudato si’, 236), - працытаваў свайго папярэдніка Леў XIV, заклікаючы распаўсюджваць гармонію Божага стварэння па ўсім свеце.

09 ліпеня 2025, 13:10