MAP

Плакат да дабрачыннага "Матча Сэрца" Плакат да дабрачыннага "Матча Сэрца"   (ANSA)

Спорт супраць вайны: заклік Папы Льва XIV

У відэапасланні да дабрачыннага "Матча Сэрца" ў Л'Аквіле Леў XIV нагадаў, што "найбольшым выклікам з'яўляецца сустрэча", асабліва ў час "падзелаў, бамбардзіровак і войнаў".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У двух словах – "гульня і сэрца" – адлюстроўваецца новы свет, створаны з блізкасці, гасціннасці, адкрытасці да іншых і перш за ўсё дапамогі. Папа акрэслівае гэта ў відэапасланні з нагоды "Матча Сэрца 2025", які адбыўся ўвечары 15 ліпеня 2025 года на стадыёне Гран-Сасо д'Італія – Італа Аконча ў Л'Аквіле.

Заўсёды магчыма сустракацца, нават у час падзелаў і войнаў

Там сустрэліся Нацыянальная зборная зорак эстрады, якая ўжо каля 40 гадоў займаецца дабрачыннымі праектамі, і Нацыянальная каманда палітыкаў, якая на адзін вечар аб'яднала пад лідараў і прадстаўнікоў розных партый у імя салідарнасці. Сабраныя сродкі будуць накіраваны на "Праект Гасціннасці", сумесна рэалізаваны Фондам "Bambino Gesù" і італьянскай “Caritas”, для забеспячэння харчаваннем, жыллём і матэрыяльнай падтрымкай сем'яў хворых дзяцей з усёй Італіі і з-за мяжы.

Папа падкрэслівае, што гуляць разам – гэта, па сутнасці, сустракацца. Ён спасылаецца на гульню, праведзеную 25 снежня 1914 года салдатамі (нямецкімі, французскімі і англійскімі) паблізу горада Іпр у Бельгіі. Гісторыя, расказаная ў фільме "Шчаслівага Раства" і ў песні Пола Макартні.

Спорт ператварае канфрантацыю ў сустрэчу, падзел – у еднасць

"Гульня і сэрца - тлумачыць Папа - становяцца такім чынам двума словамі, якія трэба спалучаць разам", якія аб'ядноўваюцца ў дабрачынным мерапрыемстве, "што збірае сродкі для жыцця, для лячэння, а не для разбурэння і смерці".

Тэлебачанне, якое трансліруе дабрачынную падзею, становіцца "супольнасцю поглядаў", здольнай стварыць новы погляд на іншых "з любоўю, а не з нянавісцю".

Значным для Льва XIV з'яўляецца тое, што сустракаюцца дзве каманды: зорак эстрады і палітыкаў. Першая нагадвае, што музыка ўзбагачае сэнсам "нашы словы і нашы ўспаміны"; другая – што можна працаваць разам на агульную карысць.

Палітыка можа аб'ядноўваць, а не раздзяляць

"Палітыка можа аб'ядноўваць, а не раздзяляць, калі не задавальняецца прапагандай, якая жывіцца стварэннем ворагаў, але займаецца складаным і неабходным мастацтвам дыялогу, які шукае агульнае дабро", - адзначыў Святы Айцец.

Папа заканчвае відэапасланне, заклікаючы зірнуць на дзяцей, якія "маюць чыстае сэрца" і "якое дазваляе ім бачыць Бога". Нам варта было б вучыцца ў іх і наноў адкрываць тое, што сапраўды важна.

"Трэба знайсці мужнасць гасціннасці і быць людзьмі сустрэчы. І сілу верыць і прасіць, каб прыйшло перамір'е, час, які спыніць гонку нянавісці. На кон пастаўлена наша чалавечнасць", - сказаў Леў XIV.

"Праект Гасціннасці" – тысячы начлегаў і сотні выратаваных дзяцей

У 2024 годзе "Праект Гасціннасці" дапамог 4 351 сям'і, прапанаваўшы 106 994 бясплатныя начлегі. У рамках гэтай ініцыятывы папская педыятрычная бальніца таксама падтрымлівае гуманітарных пацыентаў, якія разам са сваімі сем'ямі прыбываюць з найбольш неспрыяльных краін свету, з ваенных зон або з месцаў, дзе адсутнічаюць базавыя медыцынскія паслугі.

Толькі ў мінулым годзе "Bambino Gesù" аказаў медыцынскую дапамогу больш чым 160 замежным пацыентам і суправаджаў іх сем'і ва ўсіх немедыцынскіх патрэбах

Відэа-пасланне Папы да ўдзельнікаў "Матча Сэрца 2025"
16 ліпеня 2025, 09:59