Леў XIV: слуханне і служэнне – два крылы хрысціяніна
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
20 ліпеня 2025 года Святы Айцец узначаліў Імшу ў катэдры Альбана, дыяцэзіі, дзе размешчана папская рэзідэнцыя ў Кастэль-Гандольфа. У сваёй гаміліі ён звярнуўся да літургічных чытанняў дня, падкрэсліваючы матыў гасціннасці, якую Абрагам і Сара аказваюць самому Богу, а Марыя і Марта – Езусу.
У гасціннасці сустракаемся з Богам
"Патрыярх і яго жонка ў абмен на гасціннасць атрымліваюць абяцанне новага жыцця і патомства. У той час як Езус, наведваючы Марыю і Марту, звяртае ўвагу на каштоўнасць слухання," - адзначыў Леў XIV.
Святы Айцец заахвоціў не супрацьпастаўляць гэтыя дзве пазіцыі. Служэнне і слуханне з'яўляюцца двума блізнячымі вымярэннямі гасціннасці. Ён падкрэсліў, што важна перажываць нашу веру ў канкрэтных дзеяннях і вернасці абавязкам, але таксама істотна пачынаць дзеянні з разважання Божага Слова. "Толькі так – знізу, у штодзённасці – развіваецца, пашыраецца і становіцца адчувальна прысутным Божае валадарства", - заўважыў Папа.
"Гэтаму спрыяе адпачынак падчас вакацый, які можа дапамагчы нам як у паглыбленні блізкасці з Богам, так і ў адкрытасці і гасціннасці адзін да аднаго," - дадаў ён.
Будаванне культуры міру пачынаецца з малога
Леў XIV указаў на тое, што "такім чынам, у салідарнасці і абмене верай і жыццём, мы будзем спрыяць культуры міру, дапамагаючы таксама тым, хто вакол нас, пераадольваць падзелы і варожасць ды будаваць супольнасць: паміж людзьмі, паміж народамі, паміж рэлігіямі".
Святы Айцец прызнаў, што ні служэнне, ні слуханне не лёгкія. Але толькі так паміж людзьмі ўзнікаюць і растуць аўтэнтычныя і моцныя адносіны.
Раўнавага – ключ да сапраўднага хрысціянскага жыцця
Папа заахвоціў вернікаў штодзённа спалучаць кантэмпляцыю і дзеянне, адпачынак і працу, маўчанне і актыўнасць – з мудрасцю і раўнавагай, заўсёды маючы за меру суду любоў Езуса, за святло Ягонае слова, а за крыніцу сілы Ягоную ласку, якая падтрымлівае нас па-над нашымі ўласнымі магчымасцямі.