MAP

Папа Леў XIV з дзяўчынкай з ватыканскага летняга лагера Папа Леў XIV з дзяўчынкай з ватыканскага летняга лагера 

Папа Леў XIV і свет вачыма дзяцей

Мінула два месяцы з моманту абрання Роберта Фрэнсіса Прэвоста на Пасад святога Пятра. За гэты час з’явіўся шэраг выяў, якія сімвалізуюць яго пантыфікат. На адной з іх новы Папа прысеў каля дзяўчынкі, якая падарыла яму малюнак. За гэтым простым жэстам стаіць моцнае пасланне: каб пабудаваць лепшы свет, трэба зірнуць на свет вачыма дзіцяці.

Тэкст: Алесандра Джызоці / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Першыя два месяцы пантыфікату Льва XIV былі багатыя на сэнсы і вобразы, якія надоўга захаваюцца ў калектыўнай памяці. Напрыклад, яго стрыманыя слёзы на цэнтральнай лоджыі Базілікі Святога Пятра 8 мая, калі ён упершыню благаславіў горад і свет. Яшчэ адзін момант, значна менш вядомы, нясе пасланне і бачанне будучыні: Папа апусціўся на адзін узровень з маленькай дзяўчынкай, якая паказвае яму свой малюнак.

Святы Айцец глядзіць у аб’ектыў, а дзяўчынка, як зачараваная, глядзіць на яго. Чаму гэты вобраз важны? Таму што гэтым простым учынкам найвышэйшы пастыр Касцёла паказаў нам напрамак, у якім павінны рухацца ўсе, асабліва тыя, хто трымае ў сваіх руках лёс чалавецтва: глядзець на свет вачыма дзяцей.

Як бы змяніўся лёс чалавецтва, калі б у кожнага з нас хапіла мужнасці зірнуць на свет вачыма дзяцей! Як гэта зрабіў Езус, прамовіўшы несмяротную фразу: "Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне".

Ці дазваляем мы сёння дзецям прыходзіць да нас? Ці выходзім ім насустрач? Ці ідзём да дзяцей, якія пакутуюць ад войнаў, голаду, гвалту. Не толькі пачуцці, але і логіка прадпісвае, каб дарослыя абаранялі малых. Замест гэтага адбываецца адваротнае: у войнах, якія распачынаюць дарослыя, першымі пакутуюць менавіта яны: малыя. Калі б мы бачылі свет вачыма дзяцей Газы, Харкава, Гомы і многіх іншых месцаў, апаленых узброенымі канфліктамі, магчыма, нешта б змянілася.

Махатма Гандзі казаў калісьці што, калі мы жадаем навучыць свет сапраўднаму міру і аб’явіць вайну вайне, нам трэба пачынаць з дзяцей. Уявім сабе на імгненне, што ў Радзе Бяспекі ААН сядзяць дзеці з розных краін свету. Ці не змяніліся б міжнародныя адносіны?

На жаль, трэба прызнаць горкую праўду: рэчаіснасць вайны прышчапляецца нам, як яд, з першых гадоў жыцця. Як пісаў Бэртольт Брэхт у прадчуванні Другой сусветнай вайны: дзеці гуляюць у вайну, яны рэдка гуляюць у мір, бо дарослыя заўсёды вялі вайну.

Менавіта таму, магчыма, адзіны сапраўдны спосаб змяніць ход гісторыі – гэта шлях, які здаецца самым малаверагодным: адмовіцца ад нашых дарослых перакананняў і інтарэсаў і зірнуць на свет вачыма і сэрцамі дзяцей.

Папа Леў XIV, яшчэ будучы місіянерам і біскупам у Перу, часта схіляўся да дзяцей. Пра гэта сведчаць шматлікія здымкі. Сёння, калі ён – Біскуп Рыма, яго стыль не змяніўся. Здымак з ватыканскага летняга лагера – таму пацвярджэнне.

Стаць малымі, каб стаць больш чалавечным. Урок, які нам сёння вельмі патрэбны.

08 ліпеня 2025, 14:30