Папа: каб перажыць буры, патрэбны моцны духоўны падмурак
Марыя Валодзіна - Vatican News
25 ліпеня 2025 года Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі вучэбных курсаў для выкладчыкаў семінарый, якія прайшлі ў Папскім універсітэце Athenaeum Regina Apostolorum, а таксама з місіянерамі Кангрэгацыі святога Францішка Ксаверыя з нагоды іх Генеральнага капітула.
Хоць гэтыя дзве падзеі і розныя, іх аб’ядноўвае адна агульная тэма – місійнасць і выклікі евангелізацыі, - зазначыў Святы Айцец. Гэта пакліканне патрабуе як ад кансэкраваных, так і ад свецкіх асоб глыбокай і ўсёабдымнай фармацыі, якая выходзіць за межы тэарэтычных ведаў і імкнецца пераўтварыць нашу чалавечнасць і духоўнасць у святле Евангелля, каб нашыя думкі былі "такімі, як у Хрысце Езусе" (пар. Флп 2:5), - сказаў ён.
Папа нагадаў пра міжнародную сустрэчу духавенства, якая ў чэрвені 2025 года прайшла ў Ватыкане пад назвай “Шчаслівыя святары”. Ён дадаў, што радасць Евангелля прызначаная не толькі для святароў, але для ўсіх: шчаслівых хрысціян, вучняў і місіянераў.
Каб гэтая надзея не засталася пустой фразай, патрэбная фармацыя. Неабходна, каб "дом" нашага жыцця і паклікання, будзь то святарскага або свецкага, стаяў “на скале” (пар. Мц 7:24-25), на трывалым падмурку, здольным вытрымаць духоўныя і чалавечыя буры, якія не абмінаюць хрысціян, святароў і місіянераў, - сцвердзіў Пантыфік.
Святы Айцец выказаў тры “кароткія прапановы” аб тым, як пабудаваць наш дом на скале. Першае – гэта развіваць сяброўства з Езусам. Гэта падмурак дома, які павінен ляжаць у аснове кожнага паклікання і апостальскай місіі. “Нам трэба асабіста адчуць блізкасць Настаўніка, ведаць, што Пан заўважыў, палюбіў і абраў нас па чыстай ласцы і без якіх-небудзь заслуг з нашага боку. Гэта асабістае перажыванне мы потым выпраменьваем у нашым служэнні”, - адзначыў Пантыфік. Наша жывая сувязь з Хрыстом выяўляецца ў ладзе жыцця, стаўленні да людзей, чалавечнасці і ў тым, як мы будуем здаровыя адносіны, - дадаў ён.
Другая прапанова – жыць у братэрстве паміж сабой. Папа Францішак часта падкрэсліваў чатыры віды блізкасці: да Бога, біскупа, братоў-святароў і людзей. Мы павінны пераадолець індывідуалізм і суперніцтва, каб навучыцца будаваць здаровыя і братэрскія адносіны. “Думаю, усе з гэтым згодныя ў прынцыпе, але на практыцы наперадзе яшчэ доўгі шлях”, - заўважыў Леў XIV.
Трэці і апошні аспект – гэта сумесная місія з усімі ахрышчанымі. У першыя стагоддзі існавання Касцёла ўсе вернікі актыўна ўдзельнічалі ў місіі евангелізацыі. Сёння мы цвёрда перакананыя ў тым, што трэба вярнуцца да ўдзелу ўсіх ахрышчаных у сведчанні і абвяшчэнні Евангелля. “Браты з Кангрэгацыі святога Францішка Ксаверыя, у краінах, дзе вы працуеце, вы, напэўна, на ўласныя вочы пераканаліся, наколькі важна супрацоўнічаць з сёстрамі і братамі з мясцовых хрысціянскіх супольнасцяў”, - звярнуўся да місіянераў Папа.
Святы Айцец заклікаў выкладчыкаў семінарый вучыць будучых святароў так, каб яны не лічылі сябе “лідарамі-адзіночкамі”. “Нам патрэбныя святары, здольныя распазнаваць і цаніць ласку Хросту ў свецкіх верніках, дапамагаць ім адкрыцца на гэты дар і знайсці ў сабе мужнасць і энтузіязм прысвяціць сябе служэнню Касцёлу і грамадству”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што падрыхтоўка будучых святароў павінна адбывацца ў цеснай сувязі з народам Божым і пры ўдзеле святароў, свецкіх і кансэкраваных асоб.
Напрыканцы сустрэчы Папа падзякаваў гасцям за іх служэнне, заклікаў працягваць гэты шлях і даручыў заступніцтву Панны Марыі.