Святы Айцец: катэхеты В'етнама – жывы знак Божай любові
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
26 ліпеня 2025 года Леў XIV звярнуўся з відэапасланнем да катэхетаў В'етнама з нагоды 400-годдзя з дня нараджэння благаслаўлёнага Андрэя Фу Ена, першамучаніка гэтай краіны.
"Нарадзіўшыся ў 1625 годзе, Андрэй стаў неацэнным памочнікам езуіцкіх місіянераў, якія прынеслі Евангелле ў В'етнам пасля яго хросту," - распавёў Святы Айцец. "Папа Францішак нагадаў нам у “Christus Vivit”, што Андрэй быў зняволены за сваю веру, і паколькі ён адмовіўся адрачыся ад яе, яго забілі. Андрэй памёр, вымаўляючы імя Езуса."
Леў XIV падкрэсліў важную ролю катэхетаў у В'етнаме, адзначыўшы, што ў краіне і за яе межамі служаць больш за 64 тысячы катэхетаў – свецкіх мужчын і жанчын, большасць з якіх маладыя людзі, якія кожны тыдзень навучаюць веры дзяцей і падлеткаў.
"Я ўдзячны за вашу шчодрасць, кожнаму і кожнай з вас. Ніколі не недаацэньвайце дар, якім вы з'яўляецеся: сваім навучаннем і прыкладам вы прыводзіце дзяцей і моладзь да сяброўства з Езусам, - сказаў Пантыфік. Вы пасланы Касцёлам, каб быць жывымі знакамі Божай любові: пакорнымі слугамі, як благаслаўлёны Андрэй, поўнымі місіянерскага запалу”.
Святы Айцец таксама нагадаў, што, паводле падання, знаходзячыся ў турме, Андрэй заахвочваў іншых хрысціян заставацца цвёрдымі ў веры і прасіў іх маліцца, каб ён сам застаўся верным да канца.
"Гэты глыбокі момант нагадвае нам, што хрысціянскае жыццё, асабліва катэхетычнае служэнне, ніколі не з'яўляецца адзіночным намаганнем: мы вучым, і наша супольнасць моліцца; мы сведчым, і Цела Хрыстова падтрымлівае нас у выпрабаваннях," - падкрэсліў Папа.
У заключэнні Пантыфік заахвоціў катэхетаў захоўваць любоў да сваёй сям'і і роднай зямлі, беражліва ставіцца да культурнай і сямейнай спадчыны, асабліва да гераічнай веры бацькоў і дзядоў, якія, як і благаслаўлёны Андрэй, сведчылі ў пакутах і вучылі давяраць Богу.
Папа таксама запрасіў в'етнамскіх катэхетаў быць духоўна з'яднанымі з маладымі пілігрымамі ў Рыме падчас Юбілею моладзі і з усімі братамі і сёстрамі ў В'етнаме, падзяляючы з імі радасную ўпэўненасць, што "Хрыстус жывы і Ён хоча, каб вы былі жывымі!"